Паводле слоў міністра абароны Літвы Робертаса Каўнаса (Robertas Kaunas), зніжэнне колькасці парушэнняў паветранай прасторы ў краінах Балтыі можа быць звязана з нападамі Украіны на цэлі, размешчаныя на тэрыторыі Расіі. Тым не менш, Літва разглядае магчымасць расійскіх правакацый з выкарыстаннем перахопленых украінскіх беспілотнікаў.
У інтэрв'ю літоўскаму грамадскаму радыё LRT міністр абароны заявіў, што ранейшыя прылёты беспілотнікаў у Літву былі вынікам дзеяння расійскіх сістэм радыёэлектроннай барацьбы, якія парушалі палёты ўкраінскіх беспілотнікаў. Аднак дзеянні Украіны не ліквідуюць пагрозы. Робертас Каўнас падкрэсліў, што Літва разам са сваімі саюзнікамі аналізуе разведвальную інфармацыю адносна магчымых расійскіх правакацый, якія могуць быць ажыццёўлены пад чужымі сцягамі. Міністр таксама абвясціў, што Літва паслядоўна пашырае сваю сістэму маніторынгу паветранай прасторы. Акрамя радараў, выкарыстоўваюцца памежныя камеры і акустычныя датчыкі. Далейшыя закупкі абсталявання запланаваны на восень. Таксама вядзецца праца па стварэнні інтэграванай сістэмы выяўлення пагроз з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і ўмацаванні супрацьпаветранай абароны.
На мінулым тыдні літоўскія СМІ паведамілі, што літоўская ваенная разведка мае інфармацыю, якая сведчыць аб тым, што Расія разглядае магчымасць правядзення нападаў на крытычна важную інфраструктуру ў рэгіёне Балтыйскага мора з выкарыстаннем захопленых украінскіх беспілотнікаў.
IAR/нг