Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Украіна спыніла атакі на танкеры па просьбе Дж. Д. Вэнса

12.08.2026 10:55
Прыпыненне аперацый каля Наварасійска не азначае заканчэння ўкраінскай кампаніі супраць расійскага энергетычнага сектара. 
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. IADE-Michoko/pixabay.com/CC0

Украіна спыніла атакі на танкеры ў расійскім порце Наварасійск па просьбе віцэ-прэзідэнта ЗША. Financial Times паведамляе, што Дж. Д. Вэнс звярнуўся з гэтай просьбай непасрэдна да Уладзіміра Зяленскага. Вашынгтон баяўся, што ўдары парушаць пастаўкі нафты, павысяць сусветныя цэны на нафту і нанясуць шкоду амерыканскім энергетычным кампаніям. Вэнс размаўляў з Зяленскім 31 ліпеня, і з таго часу Украіна не атакавала танкеры паблізу тэрмінала Каспійскага трубаправоднага кансорцыўма ў Наварасійску, паведамляе брытанская газета Financial Times.

Кіеў абавязаўся не атакаваць інфраструктуру кансорцыўма або нерасійскія судны. Аднак дамова не распаўсюджваецца на судны, якія падпадаюць пад украінскія санкцыі або перавозяць расійскую нафту ці іншыя расійскія тавары.

Наварасійскі тэрмінал з'яўляецца ключавым маршрутам для экспарту нафты з Казахстана. Амерыканскія кампаніі «Chevron» і «ExxonMobil» маюць долі ў кансорцыуме і казахстанскіх радовішчах. Адзін з іх танкераў быў пашкоджаны падчас ліпеньскіх атак. Удары выклікалі значныя збоі. Казахстану давялося часова прыпыніць пастаўкі нафты, а тарыфы на транспарціроўку і страхаванне павялічыліся больш чым удвая. Паводле Financial Times, у ліпені тэрмінал адгружаў каля 1,3 мільёна барэляў у дзень, што на 600 тысяч менш, чым у маі.

Паводле брытанскай газеты, Кіеў задаволіў просьбу адміністрацыі Трампа, бо імкнецца атрымаць ліцэнзію ад ЗША на вытворчасць ракет-перахопнікаў для сістэм «Patriot». Украіна таксама хоча набыць некалькі сотняў такіх ракет да зімы, калі чакаецца ўзмацненне расійскіх атак на крытычна важную інфраструктуру.

Прыпыненне аперацый каля Наварасійска не азначае заканчэння ўкраінскай кампаніі супраць расійскага энергетычнага сектара. У гэтым месяцы ўкраінскія беспілотнікі атакавалі тры нафтаперапрацоўчыя заводы, размешчаныя глыбока ў Расіі.

ав