У ноч з чацвярга на пятніцу Латвія і Фінляндыя ўвялі дадатковыя меры бяспекі праз пагрозу з паветра. Неўзабаве пасля 3:00 Узброеныя сілы Латвіі папярэдзілі жыхароў населеных пунктаў на ўсходзе краіны: Аўгшдаўгава, Прэілі, Рэзэкнэ і Балві — аб небяспецы і заклікалі іх заставацца ў памяшканнях, выконваючы «правіла дзвюх сцен».
У гэты час у рамках місіі НАТА па ахове паветранай прасторы краін Балтыі былі паднятыя знішчальнікі саюзнікаў. Менш чым праз гадзіну латвійскія вайскоўцы паведамілі, што яны збілі беспілотнік, які ўвайшоў у паветраную прастору краіны. Яго тып і паходжанне пакуль не раскрываюцца.
Паралельна Фінляндыя часова абмежавала паветраны і марскі рух ва ўсходняй частцы Фінскага заліва праз магчымую прысутнасць дронаў каля мяжы з Расіяй. Інцыдэнты адбыліся на фоне масіраванай атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на Ленінградскую вобласць Расіі.
iar/pap/эж