Мексіканскі флот выратаваў двух рыбакоў, якія пяць дзён дрэйфавалі, трымаючыся партатыўнай лядоўні ў Ціхім акіяне, паколькі іх лодка затанула. Іх знайшлі прыкладна за 240 кіламетраў ад узбярэжжа мексіканскага Ч'япас, недалёка ад мяжы з Гватэмалай.
— Я думаў, што больш ніколі не ўбачу сваю сям'ю, — сказаў адзін з рыбакоў, 53-гадовы Даніэль Герэра Марцінес (Daniel Guerrero Martinez).
Герэра і яго спадарожнік, 32-гадовы Хасэ Луіс Партэлас (Jose Luis Portelas), адправіліся на рыбалку ў мінулую пятніцу. На наступны дзень яны апошні раз кантактавалі з берагам. Пра іх знікненне ўладам паведамілі сваякі і калегі з рыбалоўнай асацыяцыі.
Пасля таго, як лодка затанула, выратавальнай шлюпкай служыў сіні ізаляцыйны кантэйнер, які раней выкарыстоўваўся як лядоўня для захоўвання іх улову. Дзякуючы гэтаму ім удалося пратрымацца на вадзе пяць дзён.
Мужчыны распавялі журналістам, што за гэты час нічога не елі і не пілі. Адсутнасць ападкаў не дазваляла ім збіраць дажджавую ваду, і яны пастаянна знаходзіліся пад уздзеяннем сонечнага святла.
BBC/PAP/нг