Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Пазбягайце спрэчак, слухайце іншых». Найстарэйшаму чалавеку на свеце споўнілася 117 гадоў

21.08.2026 15:20
Этэль вадзіла машыну да 97 гадоў, працягвала гуляць у брыдж пасля свайго 100-годдзя і перамагла COVID-19 ва ўзросце 110 гадоў. 
 . .
Святочны торт. Ілюстрацыя.Фота: Pixabay.com / Pexels!

Яна нарадзілася яшчэ да гібелі «Тытаніка», перажыла дзве сусветныя вайны і праўленне шасці брытанскіх манархаў. Сёння Этэль Катэрхэм (Ethel Caterham) спаўняецца 117 гадоў, яна стала першай брытанкай, якая дасягнула такога ўзросту. Кніга рэкордаў Гінеса прызнала яе самым старым жывым чалавекам на Зямлі.

Імянінніца святкуе свой дзень нараджэння ў доме састарэлых у горадзе Лайтуотэр, графства Сурэй, з сям'ёй і сябрамі. У спецыяльнай заяве яна падзякавала за ўсе пажаданні і прызналася, што з нецярпеннем чакае таго, што прынясе наступны год.

Катэрхэм — не толькі самая старая жанчына, але і самы стары чалавек у гісторыі Брытаніі. Яна пераняла тытул рэкардсменкі свету ў красавіку 2025 года пасля смерці 116-гадовай бразільскай манахіні Іны Канабара Лукас.

З таго часу, як ёй споўнілася 100 гадоў, Этэль атрымала агулам 17 каралеўскіх віншавальных паштовак з днём нараджэння, спачатку ад Лізаветы II, а потым ад Карла III. Адпраўка такіх паведамленняў брытанскім доўгажыхарам — даўняя традыцыя каралеўскай сям'і.

Этэль нарадзілася 21 жніўня 1909 года ў мястэчку Шыптан Белінгер у графстве Хэмпшыр. Ва ўзросце васямнаццаці гадоў яна адплыла ў Індыю, дзе працавала няняй. Пазней жыла ў Гібралтары і Ганконгу са сваім мужам, афіцэрам брытанскай арміі. Там яна заснавала дзіцячы садок.

Этэль вадзіла машыну да 97 гадоў, працягвала гуляць у брыдж пасля свайго 100-годдзя і перамагла COVID-19 ва ўзросце 110 гадоў. Яе рэцэпт даўгалецця просты: пазбягайце спрэчак, слухайце іншых і рабіце тое, што прыносіць вам задавальненне.

IAR/нг