Гэтым летам у Францыі рэзка ўзрасла колькасць утапленняў. Улады заяўляюць, што сітуацыя трагічная, а асноўнай прычынай называюць рэкордную спякоту, якая трымаецца ў краіне ў апошнія месяцы.
З сярэдзіны чэрвеня ў Францыі патануў 301 чалавек. Гэта на 14 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Акрамя таго, колькасць загінулых за апошнія пяць тыдняў павялічылася больш чым удвая.
Шмат няшчасных выпадкаў адбылося ў месцах без нагляду, не прызначаных для купання. Адным з прыкладаў з'яўляецца канал Сен-Мартэн у цэнтры Парыжа, дзе шмат людзей, асабліва моладзі, шукалі прахалоды падчас спякоты. Таксама выклікае трывогу колькасць утапленняў сярод пажылых людзей, у першую чаргу ў прыватных басейнах.
У сярэдзіне лета французскія ўлады ўзмацнілі пакаранне за карыстанне так званымі безнагляднымі зонамі для купання. Штраф за купанне ў такіх месцах павялічыўся амаль удвая – з 38 да 68 еўра.
ПР/юл