Літва паскарае ўмацаванне сваёй супрацьпаветранай абароны. Вільня вырашыла набыць новыя радары і беспілотнікі-перахопнікі без публічных тэндараў. Урад Літвы пагадзіўся не выкарыстоўваць стандартных працэдураў дзяржаўных закупак пры набыцці вайсковай тэхнікі.
Міністр абароны Робертас Каўнас патлумачыў, што гэта значна паскорыць набыццё сістэм, неабходных для аховы паветранай прасторы краіны.
— Мы плануем хутка, за вельмі кароткі час, набыць больш за дзесяць радараў і выдаткавалі на гэта 60 мільёнаў еўра, — сказаў Робертас Каўнас. — Мы таксама хочам набыць вялікую колькасць беспілотнікаў-перахопнікаў, якія выкарыстоўваюць розныя тэхналогіі, абапіраючыся на ўкраінскі досвед.
Паводле звестак міністэрства, новыя радары змогуць быць інтэграваныя з сістэмамі супрацьпаветранай абароны Літвы і НАТА.
Яшчэ 20 мільёнаў еўра краіна плануе выдзяліць на беспілотнікі-перахопнікі. Міністр падкрэсліў, што мэтай з'яўляецца стварэнне ў Літве інтэграванай сістэмы абароны ад беспілотнікаў, якая ахоплівае магчымасці выяўлення, кіравання і рэагавання.
IAR/аз