Кіраўнічка знешняй палітыкі ЕС асудзіла парламенцкія выбары, праведзеныя Расіяй на акупаваных тэрыторыях Украіны. Кая Калас напісала, што гэта чарговы правал расійскай дэмакратыі; што вынік быў загадзя вызначаны і прадказальны.
- Крэмль прымусіў замаўчаць галасы нязгодных, выключыў адзіную зарэгістраваную партыю, якая выступала супраць яго вайны ва Украіне, і не дапусціў да выбараў міжнародных назіральнікаў, – падкрэсліла Кая Калас.
Маючы на ўвазе выбары, праведзеныя на акупаваных тэрыторыях Украіны, кіраўніца знешняй палітыкі ЕС абвясціла аб санкцыях супраць тых, хто спрыяў іх правядзенню.
Учора (20 верасня) у Расіі завяршыліся парламенцкія выбары. Яны не прынеслі нечаканасцяў і не адпавядалі асноўным дэмакратычным стандартам. На іх перамагла кіруючая партыя «Адзіная Расія».
Выбары працягваліся тры дні. Згодна з частковымі вынікамі і экзіт-поламі, партыя «Адзіная Расія» атрымала больш за палову галасоў, як і чакалася. Вынік на папярэдніх выбарах быў падобным.
Меншыя партыі, якія супрацоўнічаюць з урадам, у тым ліку камуністы, пераадолелі выбарчы парог. Яўка склала каля 60 працэнтаў.
Апазіцыйнай партыі «Яблык» было адмоўлена ва ўдзеле ў выбарах. Аднак эксперты лічаць, што яна ўсё роўна не дасягнула б значнага выніку, бо большасць грамадзян падтрымлівае ўрад.
Выбары, якія апісваюцца як фіктыўныя, паслужылі Крамлю для ўмацавання яго пазіцый. Існуюць здагадкі, што пасля выбараў Уладзімір Пуцін можа абвясціць ваенную мабілізацыю.
Гэта таксама тычыцца акупаваных тэрыторый, у тым ліку Крыма і часткі Данбаса, дзе расіяне таксама незаконна правялі свае выбары.
IAR/аз