Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упершыню быў уключаны ў спіс з 33 асоб і арганізацый, якія лічацца найбольшымі пагрозамі свабодзе прэсы ў 2026 годзе, апублікаваны ў панядзелак арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў» (RSF). У спіс таксама ўвайшоў Уладзімір Пуцін.
Арганізацыя апублікавала спіс асоб і арганізацый, якія, на яе думку, адказныя за рэпрэсіі супраць журналістаў і абмежаванне незалежных СМІ 2 лістапада, у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў.
Паводле RSF, Трамп быў уключаны ў сёлетні спіс з-за дзеянняў супраць СМІ падчас яго тэрміну прзідэнчкіх паўнамоцтваў. Арганізацыя абвінавачвае амерыканскага прэзідэнта ў спробе падпарадкаваць журналістыку палітычнай прапагандзе. RSF таксама адзначае, што дзеянні Трампа выходзяць за рамкі рыторыкі і палітычных рашэнняў, бо яны ўключаюць фізічныя абмежаванні, якія накладаюцца на журналістаў.
Злучаныя Штаты ў цяперашні час займаюць 64-е месца ў глабальным рэйтынгу свабоды прэсы RSF.
Сярод асоб і арганізацый, якія пагражаюць свабодзе СМІ, — Пуцін, прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга, Камуністычная партыя Кітая, узброеныя сілы Ізраілю і мексіканскі наркакарцель Jalisco New Generation (CJNG). Паводле RSF, ізраільскія ўлады працягваюць рэпрэсіі супраць журналістаў у сектары Газа, на Заходнім беразе ракі Іардан і ў Ліване, у той час як Кітай застаецца краінай, якая знявольвае найбольшую колькасць журналістаў у свеце.
Прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей, якога RSF абвінавачвае ў падбухторванні да варожасці да СМІ, таксама ўваходзіць у спіс. Паводле звестак арганізацыі, усяго за 47 дзён, паміж красавіком і маем гэтага года, Мілей апублікаваў больш за 1600 антыпрэс-паведамленняў на платформе X. RSF таксама ўключылі ў гэтую ж катэгорыю амерыканскага мільярдэра Ілана Маска і прэм'ер-міністра Славакіі Роберта Фіца. Арганізацыя палічыла іх асобамі, якія спрыяюць падрыву даверу да незалежных СМІ і паглыбленню недаверу да журналістаў.
«Рэпарцёры без межаў» таксама назвалі прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева асобамі, якія выкарыстоўваюць юрыдычныя рэпрэсіі супраць СМІ. Тым часам у спіс субʼектаў, якія выкарыстоўваюць эканамічны ціск, увайшлі тэхналагічныя кампаніі Alphabet і Meta.
Генеральны дырэктар «Рэпарцёраў без межаў» Тыбо Бруцін падкрэсліў, што, хоць спіс субʼектыўны, ён уключае асоб і арганізацыі, якія распачалі дакументальна пацверджаныя дзеянні супраць незалежных СМІ за апошні год. Ён падкрэсліў, што мэтай публікацыі зʼяўляецца вызначэнне тых, хто адказны за пагаршэнне стану свабоды прэсы ва ўсім свеце.
PAP/ав