Урад Фінляндыі абвясціў пра абмежаванне ўезду ў краіну расійскіх спартсменаў, у тым ліку тых, хто выступае пад нейтральным сцягам. Новыя правілы набудуць моц 16 лістапада і стануць часткай больш шырокіх абмежаванняў на ўезд грамадзян Расіі.
— У сувязі з агрэсіяй Расіі, якая працягваецца, расійскія спартсмены не маюць права прыязджаць у Фінляндыю. Іх уезд можа паставіць пад пагрозу міжнародныя адносіны нашай краіны, — заявіла міністарка замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен.
Раней Швецыя таксама паведаміла пра магчымасць адмовы ў выдачы віз расійскім і беларускім спартсменам. Краіна будзе прымаць чэмпіянат свету па лыжных відах спорту ў Фалуне ў лютым і сакавіку.
Польшча, у сваю чаргу, заявіла, што не выдасць візаў расійскім скакунам з трампліна для ўдзелу ў этапах Кубка свету ў Вісле і Закапанэ, нават калі яны атрымаюць дазвол выступаць у нейтральным статусе.
Спаборніцтвы мужчын і жанчын пройдуць у Вісле з 4 па 6 снежня. Затым, з 15 па 17 студзеня ў Закапанэ адбудуцца спаборніцтвы Кубка свету.
Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і сноўборда — FIS — дазволіла расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах у гэтым сезоне. Аднак рашэнні адносна віз і ўезду застаюцца за краінамі — арганізатарамі спаборніцтваў.
Сярод расійскіх скакуноў з трампліна, дапушчаных да выступленняў пад нейтральным сцягам, — Даніла Садрэеў і Яўген Клімаў.
IAR/яс