Пратэсты ў Іраку супраць гендарнай сегрэгацыі ва ўніверсітэце ўспыхнулі пасля таго, як улады аднаго з універсітэтаў звольнілі ўсіх выкладчыкаў-мужчын, спасылаючыся на «маральныя прычыны».
Гаворка ідзе пра ўніверсітэт Аль-Кадысія на поўдні Іраку і яго факультэт жаночай адукацыі. Гадамі там выкладалі і мужчыны, але нядаўна рэктар вырашыў усіх звольніць. Ён апраўдаў гэтае рашэнне пратэстамі сем'яў студэнтак, якія нібыта ціснулі на жанчын, каб яны не мелі зносін з мужчынамі ў лекцыйных залах жаночага факультэта.
За апошнія два тыдні ў пратэстах прынялі ўдзел каля 400 студэнтак, што прыцягнула ўвагу людзей ва ўсім Іраку, часткова з-за паводзін рэктара.
— Ён непаважліва выказваўся пра студэнтаў, высмейваў іх і літаральна казаў, што не зменіць свайго рашэння, нават калі яны памруць. Гэтае рашэнне незаконнае, бо яно парушае канстытуцыю, якая прадугледжвае роўнасць усіх іракцаў, — кажа Захра Абрахам, юрыст з Багдада.
Студэнткі таксама падвяргаюцца нападкам нядобразычліўцаў у сацыяльных сетках. Іх абвінавачваюць, сярод іншага, у абароне сваіх прафесараў, бо тыя хочуць уступіць з імі ў «амаральныя адносіны».
Назіральнікі адзначаюць, што пратэст стаў рэакцыяй на пагаршэнне становішча іракскіх жанчын, асабліва пасля прыняцця Закона аб асабістым статусе ў мінулым годзе. Як падкрэслівае Human Rights Watch, гэты закон пазбаўляе жанчын права прымаць рашэнні адносна ўласнага жыцця і робіць іх грамадзянамі другога гатунку.
Згодна з гэтым законам, мужчыны могуць, напрыклад, атрымаць развод без згоды жонкі або нават не паведаміўшы ёй пра гэта.
ПР/юл