Каталіцкі касцёл у Італіі прызнаў, што належным чынам не рэагаваў на выпадкі сексуальнага гвалту над непаўналетнімі з боку духавенства. У Асізі была прадстаўлена справаздача, якая ахоплівае перыяд з 2001 па 2021 год.
У дакуменце прааналізаваныя 378 паведамленняў аб выпадках сексуальнага гвалту, якія датычацца 385 меркаваных ахвяр і 356 падазраваных. У дачыненні да 57 святароў былі вынесеныя прысуды аб пазбаўленні волі, якія набылі законную моц.
Старшыня Канферэнцыі епіскапату Італіі кардынал Матэа Дзупі (Matteo Zuppi) прызнаў, што ахвяры і іх сем’і ў адказ на свае звароты часта атрымлівалі ўхілістыя адказы. Самі ж выпадкі сексуальнага гвалту кардынал назваў жахлівым злачынствам.
— Кансэкраваныя асобы, якія ўчынілі сексуальны гвалт, — гэта адкрытая рана на целе Касцёла. Сам па сабе час яе не загоіць. Рана, якую паспешліва закрылі, папярэдне не ачысціўшы, не загойваецца. Каталіцкія касцёлы ў Італіі зноў просяць прабачэння, усведамляючы, што ніякія словы не змогуць сцерці таго, што перажылі гэтыя людзі, — сказаў кардынал.
Справаздача была падрыхтаваная на замову Канферэнцыі епіскапату Італіі. Яе аўтары падкрэслілі, што прадстаўленыя звесткі не адлюстроўваюць поўнага маштабу праблемы ў краіне.
IAR/яс