З ліпеня ў польскіх аптэках не хапае лекаў. З лістапада ў крамах Вялікабрытаніі можа не хапаць прадуктаў харчавання, у любую хвіліну пагражае нам нястача рэдказямельных элементаў, неабходных для вытворчасці перадавой тэхнікі. Гэта не ёсць сцэнар катастрафічнага кінафільму, гэта пагрозы нашага надзённага жыцця - піша Артур Барткевіч ў тыднёвіку Plus Minus (дадатак Rzeczpospolita)
На пачатку жніўня ў СМІ з'явілася інфармацыя, што амерыканская сетка піцэрыі Dominoʼs у Вялікабрытаніі пачынае назапашвацца, рыхтуючыся да г.зв. цвёрдага брэксіту, бо адна трэцяя частка складнікаў піцы паходзіць з імпарту. Раптам аказваецца, што шостая гаспадарка свету не ў стане забяспечыць уласнымі сіламі нават асноўныя складнікі піцы. Мала таго, у выпадку цвёрдага брэксіту, то бок часовага парвання Лонданам эканамічных сувязяў са светам, Выспам пагражаюць пустыя паліцы. А гэта не канец праблем Вялікабрытаніі. Брытанцы могуць цярпець з-за недахопаў нават туалетнай паперы, бо краіна імпартуе 1 млн 100 тысяч тон паперы, з усіх патрэбных 1 млн 300 тысяч тон у год.
Сітуацыя з Вялікабрытаніяй зʼяўляецца прыкладам пагроз глабалізацыі. У сучасным свеце ўсё можна лёгка купіць за мяжой і дзяржавы не імкнуцца быць самадастатковымі. Але наступствы гэтага могуць быць вельмі небяспечнымі. Сёння 80% актыўных складнікаў для вытворчасці лекаў паходзяць з Кітая і Індыі. Можна сказаць, што вытворчасць антыбіётыкаў ва ўсім свеце залежыць ад гэтых дзвюх краін.
Зрэшты, не толькі лекі Кітай трымае ў сваіх руках. Ад Паднябеснай залежыць развіццё новых тэхналогій. У Кітаі здабываюць і перапрацоўваюць руды рэдказямельных элементаў, якія выкарыстоўваюцца падчас вытворчасці акумулятараў для электракараў, турбін ветракоў, вадкакрысталічных дысплеяў, лазераў, аптычнага валакна.
Іншы прыклад глабалізацыі – кобальт. Галоўным пастаўшчыком гэтага элементу, які выкарыстоўваецца ў смартфонах, ноўтбуках, дронах зʼяўляецца Дэмакратычная Рэспубліка Конга. Кобальт перапрацоўваюць у Кітаі.
У сваю чаргу 80% сусветных рэсурсаў паладыю, без якога не абыдзецца ніякі каталізатар для бензінавых рухавікоў, знаходзяцца ў Расеі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
Такім чынам бачна, што краіны – манапалісты, як Кітай ці Расея, за адзін дзень могуць страсянуць рынак, спыняючы пастаўкі стратэгічных выкапняў.
Аўтар публікацыі Артур Барткевіч робіць высновы, што з сеткі ўзаемных залежнасцей, тканай глабалізацыяй вельмі цяжка вырвацца нават самым буйным гаспадаркам, як ЗША. Так што, на глабалізацыю мы асуджаныя.
яс