Вышэйшая кантрольная палата Польшчы правяла даследаванне функцыянавання паліятыўнай медыцыны – вынікі шакуючыя, піша Dziennik Gazeta Prawna.
Са справаздачы Вышэйшай кантрольнай палаты вынікае, што жыхары Польшчы маюць няроўны доступ да паліятыўнай медычнай апекі, адсутнічаюць нормы, рэгулючыя яе якасць ды наагул паліятыўнай медыцыне не хапае грошаў.
Аднак, галоўнай праблемай з’яўляецца даступнасць паліятыўнага дагляду. Па-першае, спіс хваробаў, якія дазваляюць карыстацца паслугамі госпісаў занадта малы. Перад усім у спіс уваходзяць анкалагічныя хваробы, прыкладна 90% ад усяго пераліку. Аднак штогод 45 тысяч пацыентаў паміраюць у выніку хваробаў, не звязаных з анкалогіяй, напрыклад сардэчная або нырковая недастатковасць.
Па-другое, нават пры такім маленькім спісе хваробаў, з якімі накіроўваюць у госпіс, там катастрафічна не хапае месцаў. У большасці ваяводстваў Польшчы (нагадаем, іх налічваецца 16) не выконваюцца нормы Еўрапейскага таварыства паліятыўнага дагляду. Паводле гэтых нормаў на 1 мільён жыхароў павінна прыпадаць ад 80 да 100 ложкаў у госпісе.
Чарговым паказчыкам, які сведчыць пра кепскую сітуацыю ў галіне паліятыўнай медыцыны ў Польшчы, з’яўляецца няроўнасць жыхароў сяла і гораду. Вышэйшая кантрольная палата высветліла, што паслугамі госпісу карысталася на 30% меней вяскоўцаў, чым гараджанаў. Пра сітуацыю з працай госпісаў у Польшчы пісаў Dziennik Gazeta Prawna.
эж