17 верасня 1939 года – гэта агульная для беларусаў і палякаў дата. Аднак кожны з гэтых народаў успрымае яе зусім па-рознаму. 17 верасня 1939 года Польшча атрымала ўдар у спіну, у выніку якога, спыніла сваё існаванне, як незалежная дзяржава. Аднак для беларусаў 17 верасня 1939 года выпала ўнікальная магчымасць аб’яднацца ў межах няхай і савецкай, але Беларусі.
Жалобныя мерапрыемствы з нагоды 80 гадавіны ўварвання Чырвонай Арміі на тэрыторыю тагачаснай усходняй Польшчы прайшлі па ўсёй краіне, а таксама ў тых мясцінах па ўсім свеце, якія звязаныя з трагічнымі падзеямі. У іх прымалі ўдзел і прадстаўнікі вышэйшай улады Польшчы, іх вуснамі была агучаная не адна пафасная прамова. Аднак маштаб нацыянальнай трагедыі абсалютна адпавядае такой рыторыцы.
17- га верасня ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўсклаў вянок ля Помніка невядомым жаўнерам польскай падпольнай дзяржавы, замардаваных НКВД у 1944-45 гадах.
Жалобныя мерапрыемствы прысвечаныя падзеям 17-га верасня 1939 года прайшлі і паза межамі Польшчы. Так супрацоўнікі Пасольства Польшчы ў Беларусі ўсклалі кветкі і падпалілі знічы на магілах жаўнераў Корпусу аховы памежжа ў вёсцы Альковічы, што на поўначы Мінскай вобласці. Там адбылося набажэнства за спакой душаў тых, хто паў падчас абароны айчыны.
Пробашч касцёла ў Альковічах ксёндз Анатоль Парахневіч паказаў дыпламатам рэшткі вартоўні Корпусу аховы памежжа.
-Гэты крыж быў пастаўлены тут у 1996 годзе. Ён пастаўлены ў памяць аб трох жаўнерах Корпусу аховы памежжа, якія тут ваявалі і якія тут загінулі.
У жалобных урачыстасцях на Міншчыне прыняў удзел пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
-Гэта памкненне нашых сэрцаў. Зараз мы знаходзімся каля польскай вартоўні, якая тады была атакаваная і дзе загінула 5 польскіх жаўнераў. 17 верасня 1939 года падобныя рэчы адбываліся ў многіх мясцінах уздоўж савецка-польскай мяжы.
Польскія дыпламаты таксама ўшанавалі памяць польскіх жаўнераў забітых падчас уварвання Чырвонай Арміі на тэрыторыю тагачаснай Польшчы ў Гродне, Даўгінаве і Вардомічах.
У сэрцы былой «Імперыі зла» у Маскве таксама нагадалі пра злачынствы Савецкага Саюзу. У Маскве прайшла прэзентацыі кнігі памяці, прысвечаная ахвярам Катынскай трагедыі. Выданне, якое складаецца з трох тамоў называецца «Забітыя ў Калініне, пахаваныя ў Медным». Кніга ўтрымлівае біяграфіі 6300 польскіх ваеннапалонных, забітых войскамі НКВД вясною 1940 года.
Адметным з’яўляецца той факт, што кнігу падрыхтавалі гісторыкі маскоўскага «Мемарыялу». Расійскія гісторыкі супрацоўнічалі з польскім навуковым асяродкам «Karta» і варшаўскім Катыньскім музеям.
У кнізе «Забітыя ў Калініне, пахаваныя ў Медным» апроч біяграфій ахвяраў, таксама размешчаныя паказанні Дзмітрыя Токарава, які кантраляваў расстрэл польскіх афіцэраў. Рэдактары выдання падкрэсліваюць, што некаторыя дакументы, размешчаныя ў выданні, упершыню былі апублікаваныя на рускай мове.
Слухайце аўдыё
эж