Беларуская Служба

Яшчэ раз пра Нобэлеўскія прэміі па навуковых дысцыплінах

11.10.2019 10:12
За што Шведская каралеўская акадэмія ўзнагародзіла даследчыкаў? 
Аўдыё
  • У нашай навукова-тэхнічнай перадачы затрымаемся на Нобэлеўскай прэміі па навуковых дысцыплінах
Grafika ilustracyjna
Grafika ilustracyjnaDominik Góral/polskieradio.pl

Сёння ў нашай навукова-тэхнічнай перадачы затрымаемся на Нобэлеўскай прэміі па навуковых дысцыплінах.

У панядзелак былі вызначаны лаўрэаты па медыцыне і фізіялогіі.

Узнагарода прызнана тром даследчыкам – амерыканцам Уільяму Кэліну (Гарвардзкі ўнівэрсытэт, ЗША) і Грэгу Сэмэнзу (Унівэрсытэт Джона Гопкінса, ЗША), і супрацоўніку Оксфардзкага ўнівэрсытэту Пітэру Рэткліфу (Вялікабрытанія).

За што гэтыя вучоны атрымалі Нобэлеўскую прэмію, патлумачыў у эфіры Польскага радыё доктар фізічных навук Томаш Рожэк.

- За растлумачэнне працэсу, у выніку якога клетка прыстасоўвае сваю дзейнасць да колькасці даступнага кіслароду. Кісларод патрэбны клетцы да акіслення, дакладна так, як ён патрэбны ў каміне ці для вогнішча, для атрымання энергіі: з цукру, тлушчаў, бялка. Калі кіслароду няма – клетка памірае, у больш шырокім маштабе – памірае чалавек. Часам, калі колькасць кіслароду вагаецца, арганізм чалавека працуе са збоямі. Важна, каб вывучыць гэты працэс. Вядома, што ракавыя клеткі развіваюцца больш хутка, чым здаровыя, якраз таму, што яны ведаюць, як «гаспадарыць» кіслародам. Ім патрэбна многа энергіі для размнажэння, ток бок ім патрэбна многа кіслароду. Відна, у іх дзейнічае спецыяльны механізм выкарыстання кіслароду. І вось гэты механізм вывучылі і растлумачылі сёлетнія лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі па медыцыне і фізіялогіі.

Такім чынам, даследаванні сёлетніх нобэлеўскіх лаўрэатаў дапамогуць выпрацаваць новыя метады барацьбы з анкалагічнымі ды іншымі захворваннямі.

У аўторак Нобэлеўскую прэмію па фізіцы атрымалі астраномы. назвала адкрыцці навукоўцаў рэвалюцыйнымі для астраноміі. Так быў ацэнены іх унёсак у вывучэнне эвалюцыі Сусвету і месцы Зямлі ў ім.

За тэарэтычныя адкрыцці ў фізічнай касмалогіі прэмію атрымаў прафесар Прынстанскага універсітэту Джэймс Піблз. Больш дакладна патлумачыць доктар Томаш Рожэк.

- Гэты чалавек у шасцідзясятыя гады займаўся касмалогіяй і вывучаў тэарэтычныя параметры рэліктавага выпраменьвання, якое запоўніла Сусвет пасля Вялікага выбуху. Гэта, так бы мовіць, рэха Вялікага выбуху. Сёння мы перахопліваем хвалі таго, што здарылася на Зямлі мільярды гадоў таму. Вучоны гэтае рэха не адкрыў, але ён гэтае рэха вылічыў, а потым у выніку навуковых замеранняў, высветлілася, што ўсё дакладна так, як ён вылічыў.

Другую частку Нобэлеўскай прэміі па фізіцы падзялілі швейцарскія астрафізікі Мішэль Маёр і Дыд’е Кэлё.

- Другая частка прызнана двум даследчыкам, якія займаліся даследаваннем планет звонку сонечнай сістэмы, за адкрыццё экзапланеты, якая верціцца вакол зоркі сонечнага тыпу, -удакладніў доктар Томаш Рожэк

Мішэль Маёр і Дыд’е Кэлё адкрылі экзапланету 51 Пегаса b у 1995 годзе. З тых часоў больш за чатыры тысячы экзапланет былі выяўленыя ў Млечным Шляху.

У сераду Нобэлеўскую прэмію па хіміі атрымалі вынаходнікі літый-іённых батарэй: амерыканец Джон Гудэнаф, англічанін Майкл Стэнлі Уітынгем і японец Акіры Ёшына.

Каментуе прафесар Варшаўскага універсітэту Павэл Кулеша.

 - Гэта прэмія за штосьці, што сёння ўжо з’яўляецца шырока распаўсюджанай тэхналогіяй. Я думаю, што гэтая ўзнагарода павінна для нас быць стымулам працягваць даследаванні альтэрнатыўных крыніц энергіі, больш чыстай энергіі.

Члены Каралеўскай шведскай акадэміі навук падкрэслілі, што лёгкія і эфектыўныя літый-іённыя батарэі, якія можна шмат разоў зараджаць, выкарыстоўваюцца як у мабільных прыладах, напрыклад, ноўтбуках, так і электрамабілях. Яны могуць таксама захоўваць энергію з сонечных батарэй і ветравых электрастанцый, робячы магчымым жыццё без нафты і вугалю.

яс/ПР3/ПР4

 

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка