Выданне Dziennik Gazeta Prawna піша, што ў далейшай перспектыве ў Польшчы немагчыма будзе ўтрымаць дзейсны пенсійны ўзрост (60 г. для жанчын і 65 для мужчын – нг). Эканамісты і дэмографы не сумняюцца, што сістэма, калі не будзе сур’ёзных змен, проста разваліцца. А некаторыя кажуць, што праз нейкі час агулам не будзе ніякіх пенсій. Цяперашнія 40-гадовыя людзі будуць прымушаныя працаваць практычна да канца жыцця. Яны не змогуць, як сённяшнія пенсіянеры, пасля выхаду на пенсію заняцца сабой, унукамі, падарожнічаць па свеце ці хаця б сядзець перад тэлевізарам. Такая роскаш будзе даступная толькі нешматлікім асобам – багатым або тым, хто эканоміў сродкі ўсё жыццё.
Такім чынам існуе небяспека, што грамадствы могуць вярнуцца ў дапенсійную эпоху, калі людзі працавалі так доўга, як дазвалялі ім сілы і здароўе, а калі хваробы прыкоўвалі іх да ложка, яны маглі разлічваць толькі на сваіх блізкіх. Каб чорныя сцэнары не здзейсніліся, неабходна павысіць пенсійны ўзрост, а гэта рызыкоўны рух для кожнага ўраду, вынікам якога можа быць страта ўлады. Так што ў Польшчы можа быць так, што кожны зможа, праўда, выйсці на пенсію ва ўстаноўлены ўзрост, але толькі нешматлікія пенсіянеры змогуць пражыць за пенсію, а іншыя будуць прымушаныя працаваць далей. Калі, канешне, знойдуць працу, паколькі пажылым людзям гэта няпроста зрабіць. І калі дазволіць ім далей весці прафесійную актыўнасць стан здароўя.
Яанна Слівіньска/нг