Беларуская Служба

Сярэдні ўзрост польскага хірурга - 58,5 года

17.12.2019 17:21
У Польшчы працуе крыху больш за 20 тыс. спецыялістаў хірургіі ў розных галінах (агульных хірургаў – крыху больш за 9 тыс.).
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne pixabay.com

Польскія СМІ перыядычна звяртаюць увагу на праблемы ў польскай службе аховы здароўя, у тым ліку на недахоп кадраў: лекараў, медсёстраў і парамедыкаў. Сёння газета Rzeczpospolita паведамляе, што ў краіне адчуваецца востры дэфіцыт хірургаў.

Паводле Аб’ядання хірургаў, у Польшчы працуе крыху больш за 20 тыс. спецыялістаў хірургіі ў розных галінах (агульных хірургаў – крыху больш за 9 тыс.). Атрымліваецца, што на 10 тыс. насельніцтва выпадае 2,3 лекара. Гэта вельмі мала ў параўнанні з іншымі краінам. І так, у Італіі працуе больш за 60 тыс. хірургаў, Германіі – амаль 98 тыс., Іспаніі – амаль 45 тыс., а ў Францыі – амаль 32 тыс. Пры гэтым сярэдні ўзрост польскага хірурга складае 58,5 года.

Справа ў тым, што студэнты апошніх курсаў медыцыны не выбіраюць у якасці спецыялізацыі хірургіі, таму што гэта цяжкая і менш платная праца, у параўнанні з іншымі спецыялізацыямі. Адзін з хірургаў расказаў, што яшчэ восем гадоў таму стаць хірургам марылі многія студэнты, бо гэта было прэстыжна. Цяпер жа ў клініку, дзе ён працуе, цягам трох гадоў на хірургічную інтэрнатуру не паступіў ані адзін выпускнік медыцынскай ВНУ, паведамляе Rzeczpospolita.

Польскія ўлады стараюцца хоць нейкім чынам рэагаваць на кадравыя праблемы ў сістэме аховы здароўя. У кастрычніку Міністэрства аховы здароўя Польшчы запрапанавала ўвесці новыя правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Еўрасаюза. У прыватнасці, такім урачам не трэба было б праходзіць настрыфікацыю дыплома. Гэта можа прыцягнуць у Польшчу лекараў, жадаючых тут застацца на пастаянную працу.

Мяркуецца, што дазвол на працу лекарам будзе выдавацца ў канкрэтнай польскай бальніцы пасля праходжання іспыту, які дае ім права на прафесійную дзейнасць у Польшчы.

Для рэалізацыі ініцыятывы трэба ўнесці папраўкі ў Закон аб прафесіях лекара і стаматолага. Праект зменаў ужо паступіў у Сейм Польшчы. Пакуль невядома, калі яго разгледзяць дэпутаты. У праекце гаворыцца пра прыём на працу замежнага ўрача без настрыфікацыі дыплома на максімальны тэрмін да пяці гадоў і ў вызначаную ўстанову аховы здароўя. Канчатковае рашэнне аб працаўладкаванні прымала б Акруговая медычная палата – рэгіянальны орган лекарскага самакіравання.
Паводле спецыялістаў, змяненні датычаць перш за ўсё ўрачоў з Беларусі і Украіны.

У Польшчы ўрачы – адна з прафесійных катэгорый з найлепшымі заробкамі. Зарплаты польскіх лекараў на ўзроўні 3-4 тыс. еўра (у пераводзе са злотых) з'яўляюцца стандартам.

вс


вс