Карпы з’яўляюцца прыкладам жывёлы, у дачыненні да якіх закон у калядны перыяд парушаецца масава – б’е трывогу Польскае этычнае таварыства. Ці можна зрабіць так, каб карпы не цярпелі?
Тэма цярпення рыбы, як бумеранг, вяртаецца ў кожныя калядныя святы. Сёння мы паразмаўляем з адвакатам Польскага этычнага таварыства Каралінай Кушлевіч, якая займаецца абаронай жывёлы.
- Карпы – гэта прыклад жывёлы, правы якіх у калядны перыяд парушаюцца масава. Колькасць гэтай рыбы не лічыцца нават па штуках, але ў тонах. Ёсць дзясяткі тысяч жывёлы, якія адчуваюць боль, перажываюць стрэс. Даследаванні гэта адназначна пацвярджаюць. Але вельмі часта да іх ставяцца як да ворка бульбы. Іх лапаюць за цела, часта прадаўцы засоўваюць пальцы ў ваколіцы жабраў, пакуюць іх у пакеты без вады, якія выкарыстоўваюцца для садавіны і агародніны. Іх трымаюць у скрынках, таксама ад садавіны і агародніны, дзе няма вады, каб паказаць кліентам.
Карп на вігілійным стале ў Польшчы – гэта шматгадовая традыцыя. За традыцыяй стаіць бізнес. Бізнес і традыцыя – гэта ўсё зразумела, але тое, што людзі робяць з карпам – гэта скандал, гаворыць Караліна Кушлевіч. Мала таго, рабіць гэта дазваляе галоўны ветэрынар краіны.
А як павінна быць?
- Жывыя карпы не павінны выходзіць з крамы. Давайце паглядзім на гэта вельмі прагматычна і рацыянальна. Якую іншую жывёлу, пазваночную, звычайны Кавальскі можа вынесці з крамы жывую, каб забіць самому? Ніводнай. Таму што ён не мае кампетэнцыяў, не праходзіць курсаў. Карпаў вельмі часта забіваюць у прысутнасці дзяцей. А закон гаворыць, што забойства пазваночных у прысутнасці дзяцей з'яўляецца злачынствам. Хто гэта кантралюе? Ніхто нават не мае такога шанцу. Ці рыбу забіваюць гуманна? Найчасцей гэта робяць кухоннымі качалкамі, бутэлькамі, малаткамі. Няма ніводнай прычыны, каб жывёлу выносілі з крамы жывой. Калі нехта хоча карпа, то ён павінен быць забіты прафесійна.
Жывых карпаў пачалі масава прадаваць у Польшчы ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Такая форма продажу, больш танная і зручная калісьці, паводле эколагаў, не павінна працягвацца ў дваццаць першым стагоддзі. Купляючы жывога карпа ў краме, мы расцягваем у часе яго цярпенне.
- На пачатку кепскія ўмовы ўтрымання ў краме, потым яго нясуць дадому, пасля ванная з вадой, у якую часцей за ўсё наліваюць ваду з краіну. Нават гаворкі няма пра дабро карпа. Пакупка жывога карпа ў краме – гэта працяг яго цярпення. Мы заклікаем, каб асобы, якія хочуць мець на вігілійным стале карпа, падумалі пра каштоўнасці, якія яны ўзгадваюць за гэтым сталом. Каб не рабіць зла, а рабіць дабро. Дабра можна рабіць больш, выносячы жывую рыбу з крамы. Давайце задумаемся над легкадумнай нават не традыцыяй, а над архаізмамі з часоў ПНР, калі не было маразільнай інфраструктуры. Навошта пашыраць гэтую практыку?
Абаронцы жывёлы рэкамендуюць купляць карпа ў філе, а апроч таго не паводзіць сябе пасіўна і інфармаваць адпаведныя службы аб выпадках парушэнняў закону гандлёвымі пляцоўкамі – каб прадаваць жывую рыбу. Паводле польскага заканадаўства, нельга перавозіць карпа ў пакетах без вады. Гэта злачынства з боку не толькі прадаўца, але таксама пакупніка. Карп з’яўляецца пазваночнай жывёлай. Ёсць рашэнне Вярхоўнага суду са снежня 2016 году, якое адмяняе ўсе папярэднія рашэнні, які не знаходзілі складу злачынства ў выпадках, калі жывых карпаў перавозілі без вады. Вярхоўны суд сцвердзіў адназначна: рыба павінна знаходзіцца ў вадзе.
Штогод экалагічныя арганізацыі праводзяць інфармацыйныя кампаніі, інфармуючы пра пакуты рыбы. З году ў год можна заўважыць змену ў стаўленні – з’явіліся нават гандлёвыя сеткі, якія ў выніку кампаніі перасталі прадаваць жывую рыбу.
ав