Беларуская Служба

У 2016 годзе 86 ксяндзоў каталіцкага касцёла ў Польшчы адмовіліся ад святарства

02.01.2020 17:27
Жыццё ксяндза не такое простае, як можа здавацца, некаторыя не вытрымліваюць адсутнасці жанчыны ў сваім жыцці, іншыя адчуваюць сябе вельмі адзінокімі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Calamity Jane

Адзін са святароў каталіцкага касцёла, ксёндз Тыматэўш Шыдла адмовіўся нядаўна ад сваёй функцыі духоўнага. Такія выпадкі здараюцца, але асоба ксяндза Тыматэўша выклікае асабліва вялікае зацікаўленне ў грамадстве, паколькі ён з’яўляецца сынам былой прэм’ер-міністаркі Польшчы Бэаты Шыдла, высокапастаўленай чыноўніцы кіроўнай партыі «Права і справядлівасць». Справу апісвае Gazeta Wyborcza.

У 2016 годзе 86 ксяндзоў перасталі служыць касцёлу і перайшлі ў свецкае жыццё. Больш свежых дадзеных яшчэ няма. Аднак, як правіла, крызіс веры або іншыя акалічнасці, якія прымушаюць зняць расу, здараюцца ў старэйшых ксяндзоў, а Шыдла нядаўна закончыў духоўную семінарыю, ён быў святаром толькі два гады. Ходзяць чуткі, што ксёндз звязаўся з жанчынай, што ў яго нарадзілася або неўзабаве народзіцца дзіця. Тыматэўш Шыдла аспрэчвае праз свайго ўпаўнаважанага гэтыя чуткі і просіць дазволіць яму спакойна разабрацца са сваймі думкамі і пачуццямі.

Выданне друкуе выказванне сацыёлага, эксперта па пытаннях рэлігіі, які папрасіў застацца ананімным. Ён адзначае, што выпадак Тыматэўша Шыдла – не тыпічны, паколькі як правіла старэйшыя ксяндзы маюць сур’ёзныя сумненні, звязаныя з верай. Касцёл вельмі старанна рыхтуе мужчын да святарскага стану, у семінарыі стараюцца прадугледзець праблемы маладых семінарыстаў, каб не здараліся такія менавіта сітуацыі. Тым не менш, жыццё ксяндза не такое простае, як можа здавацца. Некаторыя не вытрымліваюць адсутнасці жанчыны ў сваім жыцці, іншыя адчуваюць сябе вельмі адзінокімі і, калі не могуць падзяліцца сваймі перажываннямі з блізкімі асобамі, пачынаюць усё больш сумнявацца ў выбары жыццёвага шляху.

нг