У буйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» сабрана больш за 115 млн злотых (больш за 27 млн еўра).
Мерапрыемства традыцыйна адбываецца пасля зімовых святаў з 1993 года. Сёлета прайшла 28-я акцыя.
120 тыс. валанцёраў, сярод якіх шмат моладзі і школьнікаў, на вуліцах гарадоў і вёсак, у гандлёвых цэнтрах, на транспарце, вакзалах і ў іншых грамадскіх месцах збіралі грошы на дабрачынныя мэты ў нядзелю, 12 студзеня. Кожны жадаючы мог кінуць у скарбонку любую суму, нават самую дробную, а ўзамен атрымаць налепку – чырвонае сэрца, якую можна наклеіць, напрыклад, на вопратку.
Сярод валанцёраў – дарослыя і дзеці, старэйшыя асобы, а таксама сэлебрыці. Спадар Дар'юш збіраў грошы ад імя свайго двухгадовага сына, які нарадзіўся ў бальніцы, дзе была апаратура, купленая за грошы папярэдніх акцый.
- Я збіраю ад імя свайго сына Аляксандра, мы валанцёры – другі раз. Такім чынам мы хочам аддзячыць Вялікаму аркестру і Юрэку Оўсяку, бо калі мы нарадзіліся, то карысталіся апаратурай, купленай за грошы Аркестра.
Валанцёр згадаў прозвішча Юрэка Оўсякі. Кім зʼяўляецца гэты чалавек? Менавіта журналіст Юрэк Оўсяк прыдумаў акцыю ў 1993 годзе і цягам усяго гэтага часу ён стаіць у штурвала Вялікага аркестра святочнай дапамогі.
Сёлета акцыя прайшла ў Польшчы ды многіх краінах свету, у прыватнасці, у Вялікабрытаніі, Ірландыі, Германіі, Нідэрландах, Бельгіі, ЗША ды нават у далёкай Аўстраліі. У Аўстраліі сабраныя грошы будуць прызначаныя на барацьбу са страшнымі пажарамі, якімі ахопленая гэтая краіна.
Школьніца Кася расказала, як трэба сябе паводзіць на вуліцы, стоячы са скарбонкай і збіраючы грошы.
- Трэба быць прыемным, гаварыць «дзень добры», расказваць пра тое, на што збіраюцца грошы. Ну, і вось так!
Грошы збіраліся ня толькі на вуліцах, але й на аўкцыёнах. Сярод лотаў, у прыватнасці, была рэпліка нобелеўскага медаля пісьменніцы Вольгі Такарчук, вячэра з вядомым футбалістам Робертам Левандоўскім, сукенка ад Раксаны Вэнгель – пераможцы дзіцячага «Еўрабачання». Акрамя таго, рэчы на дабрачынны аўкцыён перадалі паслы Кітая, Францыі, Ірландыі, Германіі, Японіі, Вялікабрытаніі і Палестыны ў Польшчы.
Сёлета сабраныя сродкі будуць выдаткаваныя на закуп медыцынскага абсталявання для дзіцячых бальніц ды аддзяленняў.
За 28 гадоў існавання акцыі Вялікі аркестр святочнай дапамогі было куплена больш за 32 тыс. адзінак медыцынскай тэхнікі і абсталявання на суму прыкладна ў 200 млн. еўра. Гэтая апаратура працуе ў больш чым 600 бальніцах і клініках Польшчы.
Але не ўсім падабаецца Вялікі аркестр святочнай дапамогі. Нягледзячы на тое, што мэта акцыі – дабрачынная, многія прадстаўнікі правых сіл і каталіцкага касцёла лічаць яе «лявацкай». Правыя зазначаюць, што мерапрыемства пашырае геданізм і нігілізм. Для прыкладу, учора дзяржаўнае тэлебачанне, якое знаходзіцца пад кантролем кіруючай кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць», найбуйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі прысвяціла ў навінах толькі 30 секунд. А некалькі гадоў таму Каталіцкі касцёл спрабаваў наладзіць у гэты дзень сваё дабрачыннае мерапрыемства, але нічога з гэтага не выйшла.
вс
слухайце аўдыёфайл