Чаму сярод палякаў, у прыватнасці маладых мужчын, шмат такіх, хто з прыхільнасцю ставяцца да аўтакратыі? Прафесар Крыстына Скаржыньская некалькі дзясяткаў гадоў даследавала польскае грамадства. І на пытанне адказвае тыднёвіку «Polityka».
Сітуацыі, у якіх чалавек адчувае сябе няўпэўнена, хваляванні ў свеце спрыяюць таму, што людзі становяцца кансерватарамі, яны жадаюць заставацца з тым, што добра ведаюць і могуць спрытна ў гэтай сітуацыі функцыянаваць. Маладое пакаленне ўсё часцей на пытанне «ці дэмакратыя з'яўляецца самай лепшай палітычнай сістэмай?» – адказвае «не ведаю».
Гэтае пакаленне не жыло ў іншай сістэме і не бачыць пагроз, звязаных з тым, што ўладу возьме адзін чалавек і спачатку лагодна, а потым усё мацней будзе «трымаць людзей у цуглях».
Акрамя гэтага, маладыя ставяць на хуткае дасягненне сваіх мэт паводле прынцыпу «усё, або нічога», яны не хочуць чакаць. Некаторыя псіхолагі называюць гэтае пакаленне нарцысамі, якія з аднаго боку зʼяўляюцца для сябе цэнтрам свету, а з другога ахвярай сваіх нерэальных чаканняў. І яны могуць стаць лёгкай здабычай папулістаў, якія абяцаюць ім хуткую карʼеру і славу.
Маладыя таксама больш лібэральна адносяцца да прымянення сілы ў публічнай прасторы, напрыклад да апазіцыі. Прафесар Скаржыньская тлумачыць, што маладыя сустракаюць вакол сябе больш агрэсіі, найперш у інтэрнэце, і з ёю звыкліся.
яс