Клімат знішчаюць мільянеры, артыкул пад такім загалоўкам публікуе перыядычнае выданне Dziennik Gazeta Prawna. Паводле падлікаў адной з недзяржаўных арганізацый, 100 кампаній адказваюць за 71% выкідаў шкодных газаў у атмасферу. У сваю чаргу іншая арганізацыя падлічыла, што 10% найбагацейшых людзей свету прычыняюцца да 50% выкіду парніковых газаў.
Заснавальнік і ўладальнік амерыканскага гіганта Amazon Джэф Безас у панядзелак заявіў, што перадасць 10 млрд долараў на мэты, звязаныя з аховай клімату. Паводле аналітыкаў, гэтая квота – гэта каля 8% фінансавых актываў мільярдэра. Грошы будуць прызначаныя на фінансаванне навуковых праектаў, недзяржаўных праэкалагічных арганізацый і актывістаў. Дарэчы, Amazon сам прызнаўся, што ў 2018 годзе сваім бізнесам прычыніўся да выкіду 44 млн тон CO2. Гэта столькі ж, колькі Нарвегія альбо Балгарыя.
Сродкі Безаса – другія па памеры, прызначаныя на ахову клімату. Вядомы амерыканскі мільярдэр Уорэн Бафет заявіў 14 гадоў таму, што 85% сваіх фінансавых актываў прызначыць на грамадскія мэты, у тым ліку на клімат. Актуальна ён аддаў 35 млрд долараў.
Пры гэтым варта падкрэсліць, што свой крок Джэф Безас не зрабіў цалкам добраахвотна – яго кампанія цягам многіх гадоў падвяргалася крытыцы за забруджванне навакольнага асяроддзя. І таму пад прэсінгам грамадскіх арганізацый ды нават працаўнікоў кампаніі Amazon бізнесмен вырашыў прызначыць частку грошай на праэкалагічныя дзеянні.
Грошы, выдаткаваныя бізнесам на экалогію, нібыта немалыя, але насамрэч – гэта кропля ў моры патрэбаў. Для прыкладу, адной толькі Польшчы неабходна ажно 500 млрд еўра для таго, каб пераставіць сваю энергетыку з традыцыйнай на экалагічную, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
вс