Пасажыры, якія вяртаюцца з Італіі паветраным шляхам у Польшчу, трапяць пад праверку спецыялістаў. Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства аховы здароўя ў сувязі з ростам заражэння каронавірусам у Італіі. Ведамства таксама не выключае, што будуць узмоцненыя праверкі грамадзян, якія вяртаюцца з Апенінскага паўвострава на цягніках, аўтобусах і легкавых аўтамабілях.
На сённяшні дзень у Італіі зафіксавана больш за 200 выпадкаў заражэння каронавірусам, пяць пацыентаў памерлі ў выніку ўскладненняў.
Акрамя некалькіх выпадкаў у Рыме, усе заражаныя знаходзяцца ў паўночных рэгіёнах Італіі.
У панядзелак, 24 лютага, уступілі ў сілу надзвычайныя меры бяспекі, якія ўрад вырашыў увесці пасля шматгадзіннай нарады ў суботу.
Варта адзначыць, што ўлады Італіі аператыўна прараэагавалі на эпідэмію. Усе хворыя пацыенты, а таксама грамадзяне, у якіх існуе падазрэнне заражэння каронавірусам, былі ахопленыя каранцінам, сказаў прэм’ер-міністр краіны Джузэпэ Контэ.
Джузэпэ Контэ заклікаў італьянцаў захоўваць спакой і не паддавацца паніцы.
У рамках надзвычайных мер бяспекі 11 населеных пунктаў акружаныя кардонам. На поўначы краіны ўсе школы і ўніверсітэты зачыненыя на тыдзень, адмененыя спартыўныя мерапрыемствы, закрытыя музеі, тэатры, кіно і частка храмаў, у прыватнасці Міланскі сабор і славуты тэатр «Ла Скала». У Італіі нават раней тэрміну завяршылі легендарны Венецыянскі карнавал.
Больш за тое, раптоўнае з’яўленна каронавіруса адбілася і на міланскім тыдні моды: паказ калекцыі славутага Джорджыа Армані прайшоў у пустой зале, бо гасцей папрасілі не прыходзіць.
У Венецыі закрылі ўсе музеі, вядомую плошчу святога Марка і славуты тэатр «Ла Фэнічэ». У многіх гарадах паўночнай Італіі царкоўныя ўлады адмянілі службы ў касцёлах, а муніцыпалітэты загадалі рэстаранам і кавярням зачыняцца з 18-й да 6-й раніцы. Акрамя таго, улады горада загадалі правесці дэзынфекцыю водных таксі і трамваяў.
З’яўленне каронавіруса ў Італіі прымушае рэагаваць улады іншых краін. Так, каля 500 пасажыраў цягніка, які следаваў з Венецыі ў Мюнхен, некалькі гадзін правялі на італьянска-аўтрыйскай мяжы. Прычынай экстраннай сітуацыі сталі двое пасажыраў, у якіх назіраліся сімптомы, што нагадвалі заражэнне каронавірусам. Пасля праверкі хворых пасажыраў медыкі выключылі заражэнне каронавірусам. Пасля заканчэння працэдуры Аўстрыя ўзнавіла рух пасажырскіх цягнікоў з Італіі. Актуальна цягнікі следуюць паводле графіка.
Тым часам у Паўднёвай Карэі, дзе рэзка вырасла колькасць заражаных, сем чалавек памерлі ў выніку наступстваў інфекцыі. Актуальна вірус быў выкрыты ў арганізме больш чым 760 чалавек. Два паўднёвакарэйскія гарады, у тым ліку Тэгу з насельніцтвам у 2,5 млн чалавек, абвешчаныя закрытымі спецыяльнымі зонамі.
Галоўная санітарная інспекцыя Польшчы заклікала грамадзян краіны ўстрымацца ад выездаў у Італію, а таксама ў Кітай, Паўднёвую Карэю, Іран, Японію, Тайланд, В’етнам, Сінгапур і на Тайвань.
Палякі, якія вяртаюцца з краін, дзе зафіксаваныя выпадкі віруса, павінны захаваць спакой і назіраць за станам свайго здароўя. Знаходжанне ў гэтых краінах, а таксама сімптомы – высокая тэмпература, боль галавы, кашаль, праблемы з дыханнем – можа сведчыць пра падазрэнне заражэння каронавірусам, гаворыць прэс-сакратар Галоўнай санітарнай інспекцыі Ян Бондар.
- Калі ў некага тэмпература альбо іншыя сімптомы, і адначасова гэты чалавек не быў у Кітаі, Азіі альбо Італіі, то гэта азначае, што ў яго не каронавірус, а проста інфекцыя. Вірус перадаецца аэрагенным шляхам, так як і вірус грыпа, таму важна прытрымлівацца правіл гігіены і старацца не знаходзіцца ў месцах масавага скаплення людзей. А вярнуўшыся з такога месца, дакладна мыць рукі.
Каронавірус ужо зафіксаваны ў 25 краінах свету. І Кітаі заражана больш за 77 тыс. чалавек, амаль 2 тыс. 600 чалавек памерлі.
вс