Цэнтрысцкая газета Rzeczpospolita паведамляе, што да каронавіруса Польшча падрыхтаваная толькі на паперы. Улады краіны ўключна з прэм’ер-міністрам неаднаразова заяўлялі, што ў выпадку з’яўлення віруса ў Польшчы адпаведныя органы і ўстановы гатовыя да рэагавання. Іншага меркавання прытрымліваюцца лекары.
«Мы падрыхтаваныя толькі на паперы. А свайго роду праверкай, ці мы сапраўды гатовыя, будзе з’яўленне першых выпадкаў захворвання, якія, паводле мяне, будуць неўзабаве», – сказала газеце доктар медыцынскіх навук Дарота Галчыньска-Зых, дарэктар Бяляньскага шпіталя – аднаго з буйнейшых у Варшаве.
У польскіх шпіталях не хапае масак, а самі лекары баяцца эпідэміі, паведамляе газета. «Супрацьвірусных масак няма больш за месяц. Нават калі б мы хацелі іх купіць за свае грошы, то і так нідзе не знойдзем», – сказала журналісту выдання анестэзіёлаг аднаго з буйнейшых шпіталяў варшаўскага рэгіёну. «Частка ўрачоў адкрыта кажа, што калі не будуць мець сродкаў асабістай аховы і з’явяцца пацыенты з каронавірусам, то яны не прыйдуць на працу», – кажа іншая лекар.
Доктар Дарота Галчыньска-Зых зазначае, што медперсанал мае права адчуваць сябе ў небяспецы, бо як сведчыць практыка з Кітая, каронавірусам заразілася шмат медыкаў.
Старшыня Польскага таварыства эпідэміёлагаў і лекараў-інфекцыяністаў прафесар Роберт Флісяк ведае пра тое, што ў многіх шпіталях не хапае масак і ахоўных камбінезонаў. «Маскі і камбінезоны павінны быць у шпіталях, але з-за фінансавай сітуацыі ўстаноў аховы здароўя многія бальніцы на гэтым ашчаджалі. Калі ж з’явілася інфармацыя пра каронавірус, сродкі аховы хутка знікнулі з продажу, і бальніцы не маюць дзе іх купіць», – кажа спецыяліст.
«Гэта біялагічная трэцяя сусветная вайна, а яе маштаб мы ўбачым у баях», – адкрыта сказала доктар Дарота Галчыньска-Зых, паведамляе газета Rzeczpospolita.
вс