Беларуская Служба

Вытокі польскай саветалогіі ўзгадваюць у Вільні

27.02.2020 09:17
Навукова-даследчы Інстытут Усходняй Еўропы ў Вільні стаў першым асяродкам у свеце, які праводзіў сістэматычныя і паслядоўныя даследаванні СССР.
Аўдыё
 ,  ,   ,
Анджэй Пукшто, Адам Эберхардт, Марэк Корнат, Альвідас Нікжэнтайціс і Ян Маліцкі SEW UW
26-27 лютага ў літоўскай сталіцы праходзіць навуковая канферэнцыя, прысвечаная стварэнню Навукова-даследчага Інстытуту Усходняй Еўропы. Унікальная навуковая адзінка была створана ў 1930 годзе, сёлета адзначаецца 90-годдзе польскай саветалогіі. Навукова-даследчы Інстытут Усходняй Еўропы ў Вільні стаў першым асяродкам у свеце, які праводзіў сістэматычныя і паслядоўныя даследаванні СССР. Менавіта з гэтай установы распачалася польская саветалагічная навуковая думка.

Навуковую канферэнцыю сумесна арганізуюць Факультэт палітычных навук Універсітэту Вітаўта Вялікага і Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту ды іншыя польскія і літоўскія ўстановы, а таксама Польскі інстытут і Амбасада Польшчы ў Вільні. ​ Працу навуковага сімпозіуму адкрыла амбасадар Польшчы ў Літве Уршуля Дарашэўска. Дыпламат звярнула ўвагу на вялікае значэнне, якое мела стварэнне польскага асяродка саветалагічных даследаванняў:

-Для нас вялікі гонар прымаць такую выбітную навуковую канферэнцыю. У мяне ёсць пэўная гістарычная рэфлексія. Выдатны момант - я, амбасадар незалежнай Польшчы, у сталіцы незалежнай Літвы, у Вільні, распачынаю, канферэнцыю, прысвечаную 90-годдзю польскай саветалогіі.

З перспектывы сённяшняга дня, можам заўважыць, якімі выдатнымі навукоўцамі былі заснавальнікі польскай саветалогіі. Трэба разумець, на колькі важнымі былі іх даследаванні з перспектывы вялікіх трагедыяў ХХ стагоддзя. Гэта тычыцца і нашых адносінаў з Літвой. Гэта ўсё паказвае, як важна паглыбляць супрацоўніцтва, у тым ліку, у аналітычнай сферы.
Амбасадар Польшчы ў Літве Уршуля Дарашэўска Амбасадар Польшчы ў Літве Уршуля Дарашэўска

Літоўскі даследчык, палітолаг з Універсітэту Вітаўта Вялікага ў Коўне Анджэй Пукшто перакананы, што даследаванні Савецкага Саюзу, а цяпер Расіі не страцілі сваёй злабадзённасці:

-Навукова-даследчы Інстытут Усходняй Еўропы ў Вільні быў першым на свеце аналітычны асяродкам, які вывучаў Савецкі Саюз. Уласна кажучы, так лічыў Чэслаў Мілаш.

Аднак мы дагэтуль павінны трымаць руку на пульсе, сачыць і разумець тое, што адбываецца ў РФ. Гэта вынікае прынамсі з таго, што цяперашні кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін ды ўся крамлёўская раць звяртаюць увагу на тое, што сённяшняя Расіі – гэта пераемніца таталітарнага СССР.

Падчас нашай канферэнцыі мы ўзгадвае мінуўшчыну, узгадваем заснавальнікаў Інстытуту. Адначасова мы спрабуем акрэсліць метады працы даследчыкам, аналітыкам і палітолагам на будучыню. Спрабуем адказаць на пытанне, як займацца даследаваннямі РФ у будучыні. Таксама мы намагаемся звярнуць увагу тых, хто прымае рашэнні ў нашых краінах, на стан даследаванняў Расіі і ўсёй Усходняй Еўропы.
. .
Канферэнцыя, прысвечаная вытокам польскай саветалогіі, праходзіць пад патранатам прэм'ераў Літвы і Польшчы Саўлюса Сквярняліса і Матэвуша Маравецкага. Патранат прэм’ераў абедзвюх краін і прысутнасць шматлікіх літоўскіх навукоўцаў сталі чарговым доказам пацяплення польска-літоўскіх адносін. Гэта звязана ў тым ліку з агульнымі выклікамі, якія стаяць перад Польшча і Літвой і якія акурат закранаюць постсаветалагічныя даследаванні – лічыць дырэктар польскага ўрадавага Асяродка даследаванняў Усходняй Еўропы Адам Эберхардт:

-Апроч працяглай гісторыі, Польшчу і Літву яднаюць пагрозы і выклікі, якія ідуць з Усходу. Палітыка ў дачыненні да Расіі, у дачыненні да суседзяў Расіі, пагрозы нашай бяспекі – і для Варшавы, і для Вільні надзвычай важныя і менавіта ў гэтай плоскасці існуе вялікі патэнцыял пашырэння польска-літоўскага супрацоўніцтва.
Зараз польска-літоўскія адносіны прыспяшаюцца. Вядома, пакуль вырашаны не ўсе двухбаковыя пытанні, але відавочна, цяпер назіраецца прагрэс.

Колішні дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжэнтайціс заклікае інтэнсіфікаваць навуковыя даследаванні і не падавацца веры ў стэрэатыпы:

-Калі мы гаворым пра наш рэгіён – маем дачыненне з невуцтвам, з мноствам стэрэатыпаў, якія не грунтуюцца на рэчаіснасці. 90-годдзе віленскага Інстытуту Усходняй Еўропы нагадвае нам пра вельмі важны прынцып – сваіх суседзяў трэба вывучаць, трэба вывучаць пры дапамозе навуковых даследаванняў, а ўжо потым рабіць канкрэтныя высновы.

Спонсарам навуковай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю польскай саветалогіі, стала літоўскае адгалінаванне польскага нафтавага канцэрну Orlen Lietuwa.

эж