Як кожны год, 1 сакавіка ў Польшчы ўспаміналі геройства дзеячаў антыкамуністычнага падполля, якія пасля вайны не пагадзіліся з уведзенай Савецкім Саюзам камуністычнай уладай і працягвалі барацьбу.
З вялікім размахам у Польшчы прайшлі ўрачыстасці ўшанавання памяці гэтак званых «выклятых жаўнераў» – удзельнікаў антысавецкага падполля, якія пад канец Другой сусветнай вайны і на працягу некалькіх гадоў пасля вайны змагаліся з акупантамі. Яны лічылі, што савецкая ўлада, якая была прынесеная ў Польшчу на штыках Чырвонай арміі, таксама з’яўляецца акупацыйнай, як і фашысцкая.
З нагоды Нацыянальнага дня «выклятых жаўнераў», які адзначаецца ў Польшчы 1 сакавіка, прайшлі самыя розныя мерапрыемствы – спартыўныя падзеі, богаслужэнні ў касцёлах, афіцыйныя ўрачыстасці з удзелам важнейшых дзяржаўных уладаў. Звыш двух тысяч польскіх салдат прынялі прысягу, а прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў аб прызнанні важных дзяржаўных узнагародаў выклятым жаўнерам.
- Іх хацелі затаптаць, таму іх целы хавалі, кідаючы ў безыменныя магілы. Але гісторыя перастала маўчаць, голасна крыкнула вуснамі патрыётаў, перш за ўсё вуснамі маладых. Мы можам смела сказаць, што сённяшняя свабодная Польшча існуе і развіваецца дзякуючы мужнасці і геройству нашых герояў – нязломных жаўнераў.
Меркаваннем міністра нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака, нязломныя жаўнеры – гэта для сённяшніх салдат узор вернасці Радзіме. Блашчак падкрэсліў, што вернасць і служба Айчыне – гэта каштоўнасці, якія ніколі не страчваюць свайго значэння.
- Нязломныя жаўнеры – людзі, якія не пагадзіліся з савецкай дамінацыяй. Менавіта іх цвёрдая пазіцыя, вернасць ідэалам, служба да канца – гэта той месыдж, які сёння атрымліваюць жаўнеры Войска Польскага.
Плямай на гонары выклятых жаўнераў з’яўляецца дзейнасць аднаго з камандзіраў узброенага падполля – Рамуальда Райса, пад псеўданімам «Буры», па загадзе якога была праведзеная этнічная чыстка праваслаўных вёсак на Падляшшы. Паводле гісторыкаў, атрад «Бурага» адказвае за смерць 79 мірных жыхароў Падляшша, у тым ліку старыкоў, жанчын і дзяцей. У 2005 годзе Інстытут Нацыянальнай Памяці Польшчы выдаў афіцыйную заяву, у якой сцвярджалася, што дзейнасць Райса і яго атраду насіла прыкметы генацыду. Аднак у 2019 годзе ўстанова памяняла сваю пазіцыю, заяўляючы, што ранейшыя высновы пракурорскага следства былі памылковымі.
Па каментар мы звярнуліся да беларускага дзеяча з Беласточчыны, дэпутата гарадской рады Бельска Падляскага Томаша Сулімы. Ён нагадвае, што калі ў 1945 годзе была расфармаваная Армія Краёвая, некаторыя яе жаўнеры не пагадзіліся з гэтым рашэннем і працягвалі змагацца з новымі ўладамі, паколькі яны лічылі іх акупацыйнымі. У рамках гэтых структур былі розныя арганізацыі, адны заклікалі змагацца за Польшчу толькі для палякаў, без габрэяў ды іншых нацменшасцяў, іншыя былі значна больш талерантнымі, але абагульняла іх нянавісць да бальшавікоў. Праблема ў тым, што свята выклятых жаўнераў ахоплівае ўсіх – як сапраўдных герояў, патрыётаў, так і бандытаў.
- У іх былі розныя погляды, які павінен быць кшталт Польшчы. Адзінае, што іх абагульняе – антыкамуністычнае стаўленне. Бяда гэтага нацыянальнага свята, якое існуе ў Польшчы ўжо 9 гадоў, у тым, што ў адзін мяшок укінутыя ўсе арганізацыі, у тым ліку злачынныя. Калі ў той час нехта здзейсніў злачынства, атрымаў смяротнае пакаранне, то ў 90-ыя гады ён быў рэабілітаваны як чалавек, рэпрэсаваны сталінскім рэжымам. Цяпер іх сем’і атрымліваюць кампенсацыю ў фінансавай форме, некаторыя лічаць іх героямі. Так не павінна быць. На Падляшшы дагэтуль жывуць сем’і ахвяраў «Бурага». Гэта вельмі крыўдна для беларускай меншасці ў Польшчы, тым больш, што сем’і ахвяр не атрымалі ніякай кампенсацыі ад дзяржавы, не пачулі таксама словаў прабачэння.
Гісторыя рэдка бывае чорна-белай, у ёй шмат адценняў. Сярод тысяч жаўнераў антыкамуністычнага падполля Польшчы былі розныя людзі – бальшыня шчыра змагалася за свае ідэалы – свабодную і незалежную дзяржаву, але некаторыя выклятыя жаўнеры ў ліхалецці жорсткага супрацьстаяння на жыццё і смерць страцілі асноўныя маральныя прынцыпы і не стрымаліся перад забойствам мірных жыхароў, паколькі лічылі іх прыхільнікамі камуністаў. Неабходна шанаваць памяць не толькі выклятых жаўнераў-патрыётаў сваёй Айчыны, але таксама памяць мірных жыхароў – ахвяр асобных прадстаўнікоў нацыяналістычных груповак.
ІАР/нг