Беларуская Служба

«Адной з задачаў спецслужбаў міжваеннай Польшчы былі кантроль і інфільтрацыя беларусаў»

12.03.2020 13:47
Пра структуру і дзейнасць польскіх спецслужбаў у 1920-30 гг. распавядае гісторык, супрацоўнік Цэнтру беларускіх даследаванняў Варшаўскага універсітэту Андрэй Чарнякевіч.
Аўдыё
  • З кандыдатам гістарычных навук з Гродна Андрэем Чарнякевічам размаўляў Эдуард Жолуд.
Ілюстрацыйнае фота foto: wikipedia/domena publiczna

У выніку першай Сусветнай вайны на руінах імперыяў у Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе паўстаў шэраг незалежных дзяржаў. Пасля бурлівага станаўлення іх адміністрацыйных апаратаў, фармавання межаў, большасць новых дзяржаў пайшла ў кірунку аўтарытарызму. Польшча ў адрозненні ад Чэхаславаччыны выключэннем не стала.

Як і ў кожнай дзяржаве, дзе ў значанай ступені абмяжоўваліся правы і свабоды грамадзянаў, у міжваеннай Польшчы вялікі ўплыў мелі спецслужбы. Асабліва гэта тычылася рэгіёнаў з вялікім адсоткам няпольскага насельніцтва – памежных тэрыторый, у прыватнасці Заходняй Беларусі. Пра структуру і дзейнасць польскіх спецслужбаў у 1920-30 гг. распавядае гісторык, супрацоўнік Цэнтру беларускіх даследаванняў Варшаўскага універсітэту Андрэй Чарнякевіч:

- Фармаванне службаў бяспекі кожнай дзяржавы, і Польшча тут не выключэнне, гэта вельмі цікавае і складанае пытанне. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра розныя дзяржаўныя інстытуты – пачынаючы ад вайсковай выведкі і службы бяспекі, і скочваючы на Корпусам аховы памежжа. Да гэта ліку можна дадаць паліцыю (палітычную паліцыю), інфармацыйныя структуры старостваў і ваяводстваў.

На пачатковым этапе станаўлення польскай дзяржавы, на пачатку 1920-ых гадоў, гэтыя структуры дзейнічалі самастойна і нават знаходзіліся ў канкурэнцыі. Гэта праяўлялася ў перакупцы агентаў, у арыштах інфарматараў адной спецслужбы іншай. Пазней наступіла ўніфікацыя ды іх пэўнае ўзаемадзеянне. Можна сказаць, што пад канец 1920-ых гадоў польскія спецслужбы дзейнічалі, як агульная сістэма. Аднак гэта не азначала, што не было сутыкненняў інтарэсаў паміж рознымі структурамі.

Як выглядала структура спецслужбаў агулам у міжваеннай Польшчы, і якія былі яе асаблівасці ў Заходняй Беларусі?

-У першую чаргу, гэта Інфармацыйны рэферат Другога аддзелу Генеральнага штабу, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ падчас савецка-польскай вайны. Пазней ён трансфармаваўся і стаў больш вядомы пад нефармальнай назвай Defensywa. Гэта была абарончая выведка, якая спецыялізавалася на раскрыцці падпольных структур іншаземных дзяржаў, у першую чаргу Савецкай Расіі і Літвы.

Далей ішлі інфармацыйныя аддзелы паліцыі – палітычная паліцыя. Асобна трэба вылучыць структуры, якія да 1922-23 года дзейнічалі на тэрыторыі Сярэдняй Літвы. І як я ўжо казаў, важную функцыю выконвалі мясцовыя інфармацыйныя аддзелы на ўзроўні ваяводстваў і старостваў.(...)

Калі можна выкарыстаць такі жаргон, па кім яны працавалі? На якія групы арыентаваліся?

-У першую чаргу на тыя асяродкі, якія маглі несці пэўную небяспеку для польскай дзяржавы. Каім казаць шырока, гэта тычылася палітычных партый (у тым ліку польскіх ), нацыянальных меншасцяў, агентаў іншаземнага ўплыву. Замежная выведка магла прысутнічаць нават у кіраўнічых структурах дзяржавы і войска.

Кожная з паралічных груп вымагала асобнага падыходу. У выпадку нацыянальных меншасцяў было неабходнае як мінімум валоданне іх мовамі. З беларускай вялікіх праблемаў не было. Аднак ужо інфільтрацыя і кантроль літоўскай меншасці на памежжы была вельмі балючым пытаннем. На працягу доўгага часу польская адміністрацыя не магла пашырыць свой кантроль на літоўскія вёскі ў межах сваёй дзяржавы менавіта праз няведанне мовы. Таксама гэта тычылася і габрэйскай супольнасці.

У выпадку беларускіх палітычных арганізацыяў, то асабліва пасля выбараў 1922 года ў польскім Сейме з’явіўся феномен Беларускага пасольскага клубу і беларускае пытанне стала пытаннем польскай дзяржавы. З гэтага моманту інфільтрацыя, кантроль, збіранне інфармацыі пра беларускіх палітычных і культурных дзеячаў ператвараецца ў адно з галоўных заданняў польскіх спецслужбаў. Пра гэта сведчаць справаздачы спецслужбаў, там заўжды быў асобны раздзел прысвечаны беларускаму нацыянальнаму руху. Інфармацыя аб ім, у тым ліку будавалася на падставе данясенняў інфарматараў – канфідэнтаў. (...)

Колькі такіх фнафідэнтаў налічвалася ў Заходняй Беларусі?

-Гэтая лічба дагэтуль застаецца невядомая. Мы можам толькі часткай архіўных крыніцаў, бо большасць архіваў, прысвечаных гэтым пытанням, знішчана.

У свой час гісторык Барыс Клейн прыводзіў такія дадзеныя, што толькі ў Гарадзенскім павеце ў сярэдзіне 1920-ых гадоў было 126 канфідэнтаў. Для параўнання – ва ўсім Наваградскім ваяводстве ў сярэдзіне 1930-ых налічвалася трошкі менш за адну тысячу паліцэйскіх. (...)

З кандыдатам гістарычных навук з Гродна Андрэем Чарнякевічам размаўляў Эдуард Жолуд. Размову цалкам можна праслухаць у далучаным зверху гукавым файле.

Слухайце аўдыё!