Беларуская Служба

Севярын Віславух – заступнік беларусаў у міжваеннай Польшчы

16.03.2020 13:54
«Ад пачатку існавання Польшчы мы не змаглі адказаць пазітыўнай палітыкай у стасунках да беларусаў. Мы вырашылі маўчаць.(...)»
Аўдыё
  • Адным з рупліўцаў беларусаў у міжваеннай Польшчы быў навуковец і палітык Севярын Выслоўх (Seweryn Wysłouch).
Севярын ВыслоўхФота: radzima.org

Міжваенная Польшча была шматнацыянальнай дзяржавай. На жаль, тагачаснае кіраўніцтва краіны ўспрымала гэта як пагрозу, а не як дадатковую перавагу. Парушэнне сваіх нацыянальных правоў адчувалі немцы, чэхі, літоўцы, украінцы, габрэі; беларусы не сталі выключэннем у гэтым доўгім спісе.

Аднак у навуковым і палітычным асяроддзі сустракаліся постаці, якія былі своеасаблівымі адвакатамі беларусаў перад Варшавай. Адным з рупліўцаў беларусаў у міжваеннай Польшчы быў навуковец і палітык Севярын Віславух (Seweryn Wysłouch).

Севярын Віславух паходзіць з палескай вёскі Пярковічы, што цяпер знаходзіцца ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. З маленства ён прычасціўся да беларускай палескай культуры, граючы з мужыцкімі аднагодкамі недзе каля пяркавіцкага маёнтку старадаўняга роду Віславухаў.

Магчыма, менавіта з гэтае прычыны, ужо будучы навукоўцам у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, ён прысвяціў сябе даследаванням гісторыі і сучасных праблемаў зямель Вялікага Княства Літоўскага. У сваіх даследаваннях ён надаваў шмат увагі нацыянальным меншасцям, асабліва беларусам. Гэта тычылася і яго палітычнай дзейнасці ў якасці дэпутата Гарадской рады Вільні. На значэнне месца нараджэння і выхавання Віславуха ў яго лёсе і кар’еры звяртае ўвагу гісторык з Уроцлава, даследчыца біяграфіі Севярына Выслоўха Данута Маліцка:

-Севярын Віславух нарадзіўся ў 1900 годзе ў маёнтку Пярковічы на Палессі, менавіта там ён і выхаваўся. І гэта аказалася вельмі важным для будучых даследавання ўжо прафесара Віславуха. Ён дарастаў сярод палешукоў, бавіўся з імі. Менавіта ў асяроддзі палешукоў ён вывучаў беларускую мову, культуру і звычаі.

Праз удзел у савецка-польскай вайне ён досыць позна пачаў вучобу ва ўніверсітэце, гэта быў 1923 год. Фактычна, ён быў ужо сталым, дарослым чалавекам. Аднак гэта не перашкодзіла яму хутка развіваць сваю навуковую кар’еру. У 1927 годзе ён закончыў Факультэт права і сацыяльных навук віленскага Універсітэту імя С. Баторыя. Пасля гэтага распачаў даследаванні Вялікага Княства Літоўскага.

У якіх гістарычных умовах Севярын Віславух распачаў сваю дзейнасць, звязаную з пэўнай абаронай правоў беларусаў?

-Беларусамі, як з навуковага, так і з грамадска-палітычнага боку Віславуха заняўся ў сярэдзіне 1920-ых гадоў. Ён безумоўна меў дачыненні з беларускімі дзеячамі, але менавіта на Віленшчыне. Гэта яскрава праявілася падчас працэсу «Грамады» у сярэдзіне 1930-ых. Тады Віславух разам з некалькімі так званымі «віленскім дэмакратамі» рашуча выступіў у абарону абвінавачаных. Выслоўх быў сведкам абароны Антона Луцкевіча.

 Як Севярын Віславуха успрымаў становішча беларусаў у Польшчы, як у перыяд перад травеньскім пераваротам 1926 года, а таксама падчас так званага перыяду «аздараўлення», то бок санацыі?

-У перыяд да травеньскага перавароту 1926 года ён катэгарычна крытыкаваў палітыку Варшавы. Аднак пасля перавароту ён на працягу доўгага часу спадзяваўся, што палітыка ў дачыненні да беларусаў зменіцца. Пра гэта сведчаць яго першыя публіцыстычныя тэксты ў «Віленскім кур’еры», надрукаваныя ў 1926-28 гадах. Яго тагачасныя тэксты былі поўныя надзеі, што стасунак польскай дзяржавы да беларусаў зменіцца. Тады Выслоўх верыў, што Пілсудскі з яго ідэяй федэральнай дзяржавы зможа пазітыўным чынам паўплываць на лёс беларусаў, што ён у стане змяніць палітыку Польшчы. Аднак рэчаіснасць аказалася супрацьлеглай. Хутка Выслоўх пачаў актыўна крытыкаваць новы палітычны лад.

Ці да нашага часу дайшлі прыклады ўзгаданых вамі публікацый Віславуха?

 -Севярын Віславуха на старонках «Віленскага кур’ера» рэгулярна вяртаўся да тэмы беларусаў. Ён апісваю культуру, школу, мову беларускай меншасці. Адначасова ён ніколі не цураўся крытыкі польскай палітыкі ў дачыненні да беларусаў.

Я знайшла вельмі красамоўны прыклад гэтых выказванняў: «Ад пачатку існавання Польшчы мы не змаглі адказаць пазітыўнай палітыкай у стасунках да беларусаў. Мы вырашылі маўчаць.(...) Нягледзячы на выбары, нягледзячы на пратэсты беларусаў, нягледзячы на стотысячную палітычную арганізацыю «Грамада», мы забаўляліся тэарэтычнымі пытаннямі: беларусы існуюць, ці іх няма? Ці раптам Беларусь – гэта бальшавіцкая інтрыга? У гэты ж самы час, мінае бясцэнны час... Бальшавікі працуюць, а беларуская інтэлігенцыя, нават не жадаючы таго, вымушаная паглядаць на ўсход. Такім чынам мы ўласнымі рукамі ствараем ворага польскай дзяржавы».

Падзеі верасня 1939 года паказалі, якім прадбачлівым навукоўцам і даследчыкам беларусаў быў Севярын Віславух.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд