Беларуская Служба

Захар Шыбека: Канстытуцыя 3 траўня не адчыняла дзвярэй да паланізацыі ні беларускага, ні літоўскага народаў

03.05.2021 08:31
Канстытуцыя гарантавала мяшчанам асабістую недатыкальнасць і недатыкальнасць маёмасці, а таксама дазваляла ім займаць любыя дзяржаўныя пасады.
Аўдыё
  • З гісторыкамі гутарыў Аляксандр Лапко.
      3  1791 .,    .    (, ).  1791 .
Фрагмент тытульнай старонкі польскамоўнага выдання Канстытуцыі 3 траўня 1791 г., прынятай Сеймам Рэчы Паспалітай. Друкарня Міхала Грэля (Варшава, Польшча). Выданне 1791 г.wikipedia/Public Domain

Захара Шыбека:  Канстытуцыя 3 траўня не адчыняла дзвярэй да паланізацыі ні беларускага, ні літоўскага народаў

3 траўня 1791 году Сейм Рэчы Паспалітай ухваліў Канстытуцыю – якую прынята лічыць першай у Еўропе і другой у свеце пасля Канстытуцыі ЗША. Канстытуцыя 3 траўня была прынятая ў вострай барацьбе паміж магнатамі, якія намагаліся захаваць свае прывілеі, ды патрыятычнай шляхтай, якая хацела ўратаваць Рэч Паспалітую ад знішчэння.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай была мала падобнай да асноўных законаў сучасных краінаў і захоўвала шмат перажыткаў феадалізму. Аднак гэты дакумент значна набліжаў тагачасную манархію да сучаснай прававой дзяржавы.Канстытуцыя гарантавала мяшчанам асабістую недатыкальнасць і недатыкальнасць маёмасці, а таксама дазваляла ім займаць любыя дзяржаўныя пасады. Улада была падзеленая на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Канстытуцыя не адмяняла прыгоннага права, але вельмі моцна яго абмяжоўвала. Таксама гэты дакумент адмяняў права «ліберум вета» ды ствараў адзіную армію і ўрад для ўсяе Рэчы Паспалітай.

Якое значэнне мае Канстытуцыя 3 траўня для гісторыі Беларусі, і ці варта беларусам ушаноўваць гэты дзень так, як гэта робяць у Польшчы і сучаснай Літве? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць беларускіх гісторыкаў.

Гісторык Захар Шыбека лічыць, што Канстытуцыя 3 траўня аб’явіла грамадзянскія свабоды, таму яе прыняцце павінна адзначацца ва ўсіх краінах-нашчадках Рэчы Паспалітай:

-Гэта добрая нагода для агульнага свята ва ўсіх краінах былой Рэчы Паспалітай. Дэмакратычнасць Канстытуцыі, наданне грамадзянскіх правоў шырокім слаям насельніцтва сведчылі пра тое, што наш край стаяў на мяжы значных эканамічных і палітычных рэформаў, якія, на жаль, проста не паспелі ажыццявіцца з-за разбору Рэчы Паспалітай.

Аднак так лічаць ня ўсе. Некаторыя даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што Канстытуцыя 3 траўня фактычна пазбаўляла Вялікае Княства Літоўскае аўтаноміі ды магла паслужыць паланізацыі беларускага насельніцтва. Менавіта таму беларускія нацыянальныя дзеячы пачатку XX стагоддзе адмаўляліся святкаваць 3 траўня. Пра гэта расказвае гісторык Уладзімір Ляхоўскі:

-3 траўня 1920 году, калі польскія войскі стаялі ў Мінску, усё польска арыентаванае насельніцтва святкавала Дзень Канстытуцыі. Беларусы ж, пратэстуючы супраць палітыкі польскага ўраду, ігнаравалі гэтае свята. Напрыклад, буйная памешчыца Магдалена Радзівіл, якая актыўна падтрымлівала беларускі і літоўскі нацыянальныя рухі, у гэты дзень загадала выбіваць коўдры на балконе свайго дому.

Гісторык Алесь Смалянчук ня лічыць, што Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ліквідавала аўтаномію беларуска-літоўскай дзяржавы, а таксама вяла да паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва. Справа ў тым, што ані літоўскага, ані беларускага, ані нават польскага народаў у сучасным разуменні гэтага слова ў тыя часы яшчэ не існавала:

- Вядомы гісторык права, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Юліюш Бардах сцвярджае, што аўтаномія ВКЛ не была знішчаная. Калі б Канстытуцыя была рэалізаваная, Вялікае Княства захавала б пэўную свабоду ў рамках Рэчы Паспалітай. Што тычыцца паланізацыі, у тыя часы зацікаўленасці ў тым, каб паланізаваць беларусаў, у кіруючы колах Рэчы Паспалітай не было. Яна не была нацыянальнай дзяржавай у сучасным разуменні гэтага слова. Розніца ў культуры толькі ўмацоўвала сацыяльную розніцу. Каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму нават у галаву не магло б прыйсці паланізаваць беларускамоўных ці літоўскамоўных сялянаў.

Гісторык Алесь Белы лічыць, што Канстытуцыя 3 траўня вартая ўшанавання хаця б таму, што традыцыю Рэчы Паспалітай немагчыма выкрасліць з дзяржаўнай традыцыі Рэспублікі Беларусь:

- Рэспубліка Беларусь аб’ектыўна знаходзіцца на скрыжаванні дзвюх дзяржаватворчых традыцыяў – той, якая ідзе ад Кіеўскай Русі, ды той, якая ідзе ад Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Немагчыма ўявіць сабе сучасную Беларусь, калі выкрасліць адну з гэтых традыцыяў. Абедзве яны легітымныя. І Рэч Паспалітая – гэта адзін з двух слупоў, на якіх трымаецца ідэнтычнасць і легітымнасць сучаснай Беларусі.

На думку беларускага гісторыка Захара Шыбекі, Канстытуцыя 3 траўня не адчыняла дзвярэй да паланізацыі ні беларускага, ні літоўскага народаў. Яна закладала фундамент дэмакратычнай дзяржавы, у якой кожны з народаў, якія толькі пачыналі фармавацца, меў бы права развіваць сваю культуру:

-На жаль, Канстытуцыя 3 траўня пратрымалася ўсяго адзін год. Частка шляхты, незадаволеная стратай былых уплываў, аб’ядналася ў гэтак званую Таргавіцкую канфедэрацыю ды папрасіла дапамогі ў чужых дзяржаваў. Армія Расійскай імперыі ўступіла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя была звергнутая, а саму Рэч Паспалітую хутка падзялілі паміж сабою суседнія агрэсіўныя манархіі.

Канстытуцыя 3 траўня стала, па словах аднаго з яе стваральнікаў Гуга Калантая, «апошнім запаветам» згаслай свабодалюбівай краіны.

З гісторыкамі гутарыў Аляксандр Лапко.

Слухайце аўдыё!