Беларуская Служба

Карыстальнікі прыкладання Дамашні каранцін скардзяцца, што яно працуе са збоямі

04.05.2020 15:12
Прыкладанне абавязкова павінны спампаваць у Польшчы тыя асобы, якія прымушаныя застацца дома на каранціне.
Ілюстрацыйнае фотаPixabay.com/geralt / 21462 images/CCO Creative Commons

Dziennik Gazeta Prawna друкуе артыкул пра засцярогі да прыкладання Дамашні каранцін, якое абавязкова павінны спампаваць у Польшчы тыя асобы, якія прымушаны застацца дома на каранціне, паколькі ў іх быў кантакт з асобай, заражанай каранавірусам або па іншай прычыне яны павінны прайсці каранцін. Асобы, якія карыстаюцца прыкладаннем, скардзяцца, што яно дзейнічае са збоямі, не заўсёды можна беспраблемна выканаць даручэнні, якія дае прыкладанне. А калі заданне, скажам, зрабіць сэлфі ў акрэсленым месцы, не зроблена, то на парозе дома можа паявіцца паліцыя, каб праверыць чалавека, ці ён захоўвае каранцін.

За прыкладанне польскі ўрад заплаціў распрацоўшчыку 2 млн. злотых (480 тыс. дол). Па словах дырэктара кампаніі TakeTask, якая распрацавала прыкладанне, Сэбасцьяна Стажыньскага (Sebastian Starzyński), карыстальнікі рэдка хваляць такія прадукты. Калі яны выказваюцца на тэму прыкладання, то выключна ў негатыўным сэнсе. Па інфармацыі дырэктара, толькі 5% званкоў у тэлефонную даведку датычаць тэхнічных праблем з прыкладаннем.

Крытыкі прыкладання згадваюць таксама, што яно можа стаць крыніцай уцечкі тайных медычных звестак. Можна ўявіць, што хтосьці яго спампуе, але ўпіша не свой нумар тэлефону, а іншага чалавека, якога хоча праверыць. Калі паявіцца інфармацыя з просьбай увесці код, то будзе вядома, што ўладальнік нумару знаходзіцца ў базе дадзеных, гэта значыць, што ён быў або цяпер знаходзіцца на каранціне.

нг