Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі сумесна з Міністэрствам па справах сям'і, працы й сацыяльнай палітыкі прызначылі 500 мільёнаў злотых (больш за 110 мільёнаў еўра) з Еўрапейскага сацыяльнага фонду на антывірусны пакет для ўстановаў сацыяльнай дапамогі і дзіцячых дамоў у Польшчы.
Міністр фондаў і рэгіянальнай палітыкі Малгажата Ярасіньска-Ядынак (Małgorzata Jarosińska-Jedynak) заявіла, што падтрымка накіраваная для людзей, якія жывуць у дамах для састарэлых і дзіцячых дамах, а таксама для іх працаўнікоў.
130 мільёнаў злотых (больш за 28,5 мільёна еўра ) атрымаюць дзіцячыя дамы й прыёмныя сем'і. Сродкі будуць прызначаныя, між іншым, на камп’ютары й абсталяванне для дыстанцыйнага навучання, маскі, пальчаткі, сродкі дэзынфекцыі. Паводле ацэнак, дапамогу атрымае 20 тысяч сем'яў і ўстаноў, якія аказваюць такую апеку.
У сваю чаргу 350 мільёнаў злотых, таксама з Еўрапейскага сацыяльнага фонду, атрымаюць больш за 800 дамоў састарэлых. Гэтыя грошы таксама будуць выдаткаваны, напрыклад, на набыццё масак, пальчатак, тэстаў на COVID-19, даплаты да зарплатаў для супрацоўнікаў.
аз