Беларуская Служба

Эпідэмія – гэта шок, які пачаўся два месяцы таму, і невядома, колькі ён працягнецца

11.05.2020 14:25
Адпаведна, адмоўны ўплыў дадзенай сітуацыі на псіхіку людзей будзе вялізны.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Lopolo

Навукоўцы з Варшаўскага ўніверсітэту правялі даследаванні над уплывам пандэміі каранавіруснай інфекцыі на псіхічнае здароўе палякаў – піша Gazeta Wyborcza. Эпідэмія – гэта шок, які пачаўся два месяцы таму, і невядома, наколькі доўга ён працягнецца. Адпаведна, адмоўны ўплыў на псіхіку дадзенай сітуацыі будзе вялізны, – гаворыць кандыдатка навук Малгажата Драган, аўтарка дакладу «Псіхічнае здароўе ў часы пандэміі COVID-19».

Звыш 70% апытаных палякаў адказала, што яны адчуваюць занепакаенне, у іх назіраюцца расстройства сну, празмерная канцэнтрацыя на сітуацыі. 62% адзначыла, што яны баяцца за будучыню – працу, фінансавае становішча і здароўе. Вырасла таксама колькасць асоб з дэпрэсіяй. Яе сімптомы назіраюцца ў прыкладна 40% апытаных.

Па словах псіхіятра, у многіх людзей, якія раней мелі псіхічныя расстройствы, пандэмія значна пагоршыла сімптаматыку. Такія асобы яшчэ горш адчуваюць сябе ў ізаляцыі, калі не могуць адарвацца ад чорных думак. Суразмоўца выдання кажа, што яна баіцца хвалі суіцыдаў у Польшчы, тым больш, што ў краіне і так быў высокі адсотак самагубстваў на фоне іншых дзяржаў, асабліва сярод мужчын.

Ці пандэмія стане сур’ёзнай траўмай таксама для дзяцей? Меркаваннем спецыяліста, гэта залежыць ад стаўлення бацькоў. Калі яны спакойна тлумачаць дзіцяці, чаму неабходна застацца дома, калі самі адэкватна спраўляюцца са сваімі эмоцыямі, то і дзеці пройдуць гэты этап жыцця спакойна. Але даследаванні паказваюць, што дарослыя празмерна хвалююцца, адпаведна, негатыўныя эмоцыі перадаюцца і дзецям.

нг