Беларуская Служба

Філосаф Пётр Рудкоўскі: Ян Павел ІІ засведчыў, што каштоўнасці дэмакратыі сумяшчальныя з хрысціянскім вучэннем

18.05.2020 15:34
«Вялізарнай папулярнасці Яна Паўла ІІ паспрыяла яго вялікае хобі маладых гадоў – акторства».
Аўдыё
  • Поўную гутарку з філосафам Пятром Рудкоўскім слухайце ў далучаным гукавым файле!
Ян Павел ІІФота: Zielaskowski Lech/Narodowe Archiwum Cyfrowe

 «Папа свабоды і салідарнасці» – так пра святога Яна Паўла II напісаў прэзідэнт Анджэй Дуда ў артыкуле, надрукаваным рымскай газетай «Il Messaggero».

«18 траўня 1920 года нарадзіўся Караль Вайтыла, пасля папа Ян Павел II Вялікі. Філосаф, энергічны аратар, дзяржаўны дзеяч, паэт. Прадаўжальнік рэформаў II Ватыканскага сабора ў свеце, які характарызаваўся канфліктамі і радыкальнымі цывілізацыйнымі пераўтварэннямі», – падкрэсліў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на старонках уплывовага італьянскага выдання. Так пачынаецца яго артыкул пад назвай «Вайтыла – папа свабоды, які ажывіў Еўропу». Пра тое, ці гэта ажыўленне кранула Беларусь, расказвае беларускі навуковец, філосаф Пётр Рудкоўскі:

-Калі пад увагу браць тую эпоху, 1978год, то гэтае крананне было мінімальным. Толькі вузкае кола каталіцкіх святароў і вернікаў ведалі пра абранне новага папы, які быў палякам. Але асабліва ніхто не браў пад увагу тое, што новы папа быў палякам і што гэта можа азначаць.

Аднак у КДБ адразу зразумелі пагрозу, якая пачала ісці з Ватыкану, захаваліся адпаведныя аналітычныя нататкі КДБ СССР. Толькі ў перспектыве часу стала зразумела, які вялікі ўплыў папа-паляк меў на ўвесь камуністычны блок. Само абранне паляка на Пятроў пасад, абранне Караля Вайтылы папам стала выразным духоўным і псіхалагічным момантам для жыхароў краінаў, якія ўваходзілі сацыялістычны лагер.

Ян Павел ІІ вялікую ўвагу надзяляў былым камуністычнымі краінам, перад усім сваёй бацькаўшчыне - Польшчы, але як папа-паляк успрымаў Беларусь, як ставіўся да яе?

-Скажам адкрыта Беларусь не знаходзілася ў яго асноўным фокусе, асабліва тады, калі  ён толькі стаў папам. (...) Стаўшы кіраўніком Касцёлу – магутнай сусветнай арганізацыі, якая мае свае лакальныя структуры ў 170 краінах свету, ён фізічна не мог надзяляць асаблівую ўвагу Беларусі.

Аднак, калі наша краіна трапляла ў яго поля зроку, ён захоўваў вялікую сімпатыю і адкрытасць. Часта паўтараецца, што ён хацеў наведаць Беларусь. Асабіста я перакананы, што гэта праўда, а не пустая рыторыка.

Прыгадваецца даволі красамоўны сімвалічны момант. Калісці, праглядаючы афіцыйныя дакументы Ватыкана, я пабачыў прамову папы рымскага з нагоды візіту каталіцкіх біскупаў Беларусі і яна была па-беларуску. Варта прыгадаць, што на пачатку 1990-ых гадоў увесь беларускі епіскапату складаўся з палякаў і папа быў палякам. Аднак Ян Павел ІІ прывітаў і прамовіў для іх па-беларуску, што зафіксавалі важныя дакументы Ватыкану. Гэта вельмі цікавы момант, Ян Павел ІІ даваў выразныя сігналы – Касцёл мае фармавацца ў сінтэзе з беларускай культурай.

Што амаль з 30 гадоў свайго пантыфікату Ян Павел ІІ даў каталікам і ў прыватнасці каталікам Беларусі?

-У глабальным маштабе ён даў каталікам абноўленую канцэпцыю сацыяльнага вучэння Касцёлу. Пераасэнсаванне лібералізму і дыягназ сацыялізму. Ян Павел станоўча засведчыў, што каштоўнасці дэмакратыі і свабодны рынак сумяшчальныя з хрысціянскім вучэнням. З 1990-ых гадоў гэта пачало адгукацца і ў Беларусі. (...)

У чым сакрэт такой вялізарнай папулярнасці папы-паляка?

-У першую чаргу ў яго асабовасці. Вялізарнай папулярнасці Яна Паўла ІІ паспрыяла яго вялікае хобі маладых гадоў – акторства. Будучы папам ён ніколі не граў, але ён ведаў, адчуваў, як трэба даносіць свае эмоцыі, свой стан. Ян Павел ІІ быў унутрана свабодным чалавекам і ён мог гэта публічна выказаць, гарманізаваць. (...)

Поўную гутарку з філосафам Пятром Рудкоўскім слухайце ў далучаным гукавым файле!

Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд.