З серады, 20 мая, у Польшчы немагчыма купіць ментолавыя цыгарэты. Забарона ўведзена ў выніку прыняцця дырэктывы Еўрасаюзу. Брусельскія чыноўнікі вырашылі, што араматызаваныя цыгарэты вабяць курцоў сваім прыемным водарам, але пры гэтым яны такія ж шкодныя, як і звычайныя. І забаранілі іх прадаваць, каб курцы ўдыхалі нічым не зменены цыгарэтны дым, можа такім чынам яны лепш будуць разумець шкоднасць цыгарэт, – піша выданне Sieci.
Аўтар артыкулу разважае, што зробяць цяпер аматары ментолавых цыгарэт – ці зусім адмовяцца ад курэння, пяройдуць на звычайныя цыгарэты, а можа заменяць іх на электронныя? Канешне, найлепшы быў бы першы варыянт, хаця ён малаверагодны ў выпадку тых, хто сур’ёзна ўзалежнены ад курэння. У сваю чаргу найгорш сталася б, калі б людзі пачалі, замест ментолавых, курыць звычайныя цыгарэты.
Ёсць яшчэ так званыя электронныя цыгарэты, гэта нішто іншае, як вадкасць з утрыманнем нікаціну, якая падаграваецца ў спецыяльнай прыладзе, каб паўстаў дым (або хутчэй пар). Праўда, ёсць таксама магчымасць купіць такую вадкасць без утрымання нікаціну. Нельга сказаць, што вэйпінг (з анг. vaping) цалкам бяспечны для здароўя, але значна лепш курыць такія цыгарэты, чым звычайныя. На свеце праведзеныя шматлікія даследаванні, якія паказваюць, што яны нясуць меншую шкоду для здароўя, між іншым, у пары няма вокісу вугляроду і шматлікіх канцэрагенных рэчываў, якія ўтрымліваюць традыцыйныя цыгарэты. Важна аднак выбіраць прадукты правераных марак, паколькі на рынку ёсць вельмі шмат электронных цыгарэт невядомага паходжання. А яшчэ лепш зусім кінуць курыць, дарэчы, лягчэй адмовіцца ад вэйпінгу, чым ад звычайнага курэння.
нг