Беларуская Служба

Самалёты з Польшчы на пачатку пачнуць лятаць у краіны блізкага замежжа, але не ўсе

25.05.2020 15:32
Авіякампаніі павінны прытрымлівацца новага санітарнага рэжыму.
LOT
LOTShutterstock.com

Dziennik Gazeta Prawna інфармуе, якім чынам будзе паступова вяртацца авіяцыйны рух у Польшчы. Спачатку ўрад дазволіць узнавіць рэйсы ў тыя краіны, дзе эпідэміялагічная сітуацыя падобная на польскую, гэта значыць, прыкладна столькі ж чалавек заразіліся каранавіруснай інфекцыяй.

З 1 чэрвеня будзе ўзноўлены рух самалётаў унутры Польшчы. Паступова паветраныя машыны пачнуць лятаць таксама за мяжу, але не ва ўсе дзяржавы. Першымі адкрыюцца для пасажыраў з Польшчы наступныя краіны: Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славакія, Славенія, Венгрыя, Балгарыя, Румынія і Харватыя. Частка з іх – гэта папулярныя месцы летняга адпачынку. У спісе няма Грэцыя, якая ўжо заявіла, што адкрываецца для замежнікаў і з 1 ліпеня не будзе патрабаваць, каб прыезджыя праходзілі каранцін.

Самалёты будуць лятаць паводле новага санітарнага рэжыму. Усе пасажыры падчас рэйсу павінны мець маскі на вуснах і носе, а некаторыя месцы павінны застацца свабоднымі. Такім чынам польскія нормы нават крыху больш жорсткія, чым рэкамендацыі еўрапейскага агенцтва бяспекі палётаў (EASA).

Польскія авіяперавозчыкі вось ужо 2,5 месяца не маюць практычна ніякіх даходаў. З кожным тыднем іх фінансавая сітуацыя ўсё больш пагаршаецца. Раней віцэ-міністр інфраструктуры Марцін Гарала казаў, што не ўсе атрымаюць фінансавую падтрымку дзяржавы, але надоечы стала вядома, што ўсе 14 аэрапортаў грамадзянскай авіяцыі атрымаюць падтрымку. Улады аэрапортаў кажуць, што дапамога ўраду або муніцыпальных органаў вельмі патрэбная, але самае важнае – хутка ўзнавіць палёты.

нг