Беларуская Служба

Польскія дыпламаты ў Беларусі наведваюць магілы ахвяр польска-бальшавіцкай вайны

18.06.2020 15:30
15 жніўня споўніцца сто гадоў з таго дня, калі польскім войскам удалося не дапусціць уварвання салдат Чырвонай арміі ў Варшаву.
Аўдыё
  • Польскія дыпламаты наведваюць магілы ахвяр вайны
Ваенныя могілкі ў Даўгінавефота: У. Пац

Дэлегацыя польскага пасольства ў Беларусі наведала тры ваенныя могілкі, на якіх пахаваныя ахвяры вайны 1919-1921 гадоў. Польскія дыпламаты па традыцыі летам наведваюць месцы пахавання ахвяр польска-бальшавіцкай вайны.

Сёлета адзначаецца важная дата для гісторыі не толькі Польшчы, але таксама Еўропы ды, бадай, усяго чалавецтва. 15 жніўня будзе роўна сто гадоў з таго дня, калі польскім войскам удалося не дапусціць уварвання бальшавіцкіх салдат у Варшаву. Рэвалюцыя, пра якую марыў Уладзімір Ленін, не разлілася на Заходнюю Еўропы, а пазней, хто ведае, і свет. Але салдаты гінулі не толькі ў жніўні, баі адбываліся і раней, у тым ліку на землях сённяшняй Беларусі, прыносячы шмат ахвяр з кожнага боку.

Польскія дыпламаты запалілі свечкі і ўсклалі кветкі на ваенных магілах між іншым у Даўгінаве і Дуніловічах. Пра значэнне бітвы стогадовай даўніны гаворыць пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі.

- Гэтая бітва мела каласальнае значэнне для Еўропы і для Польшчы. Яна лічыцца адной з дваццаці самых лёсавызначальных бітваў у гісторыі чалавецтва. З нагоды юбілею сёлета мы аднаўляем магілы салдат, якія загінулі ў барацьбе з бальшавікамі. Сродкі выдзеліла Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Я ведаю, што ў Даўгінаве атрыманыя ўжо ўсе неабходныя згоды, і неўзабаве працы пачнуцца. Мы сюды прыязджаем пакласці кветкі таксама ў верасні, паколькі тут пахаваныя таксама салдаты, якія загінулі ў верасні 1939 году. Гэта выключныя могілкі, паколькі тут пахаваныя як польскія, так і савецкія ды нямецкія салдаты. Я вельмі ўдзячны мясцовым уладам, пробашчу, а таксама тутэйшым жыхарам за тое, што яны дбаюць пра могілкі, захоўваюць памяць пра тых, хто тут загінуў і быў пахаваны.

Памяць – гэта адзінае, што мы, сучаснікі, можам зрабіць для тых людзей, хто аддаў сваё жыцця за мір, за будучыя пакаленні. Гаворыць старшыня сельсавету ў Даўгінаве Аляксандр Маліноўскі.

- Гэта адзінае, што мы можам зрабіць для гэтых людзей – памятаць пра іх. Агулам у жыцці самае важнае – памяць. Мы пра іх памятаем, пра тое, што яны аддалі сваё жыццё не без патрэбы. Таму дзякуем вам, што прыязджаеце, што не забываеце. Мы таксама робім усё, што ў нашых сілах, каб падтрымаць хаця б элементарны парадак на гэтых могілках.

Пробашч парафіі Святога Станіслава ў Даўгінаве Ксёндз Алойзы Шулік адзначае, што на гэтых землях знаходзіцца шмат ваенных магіл, на якіх ляжаць загінулыя салдаты самых розных нацыянальнасцяў.

- На тэрыторыі парафіі, у навакольных вёсках ёсць шмат такіх могілак – не толькі польскіх ці савецкіх салдат, але ёсць нават французскія ваенныя магілы. Інтэрнацыянальныя могілкі знаходзяцца тут, дзе мы цяпер стаім. Тут спачываюць ахвяры як першай, так і другой сусветных войнаў – палякі і немцы. Ёсць ваенныя могілкі таксама ў іншых вёсках – Дардомічах, Жызнаве. Даглядаюць гэтыя могілкі не толькі ўлады ды парафія, але перш за ўсё самі прыхаджане, школьнікі. Вучні прыходзяць вясной, восенню, наводзяць парадкі. Я звярнуўся з просьбаю да парафіянаў, каб яны сачылі за парадкам, незалежна ад таго, ці пахаваныя расіяне, ці палякі. Дарэчы, у большасці гэта безыменныя магілы, асабліва расійскія. У адной магіле ляжыць па некалькі і больш чалавек.

У гэтым годзе адзначаецца круглы юбілей Варшаўскай бітвы 1920 году – роўна сто гадоў. У сувязі з гэтай знамянальнай датай польскія дыпламаты ў Беларусі пачалі на мінулым тыдні наведванне ваенных могілак салдат, якія загінулі ў выніку баёў. Гэтых месцаў вельмі шмат, – расказвае пасол Артур Міхальскі.

- Вельмі шмат такіх могілак. Вялікая частка ўжо была адрэстаўраваная. На іншых яшчэ толькі плануецца зрабіць рамонт. Сёння мы будзе на такіх могілках, якія яшчэ будуць упарадкаваныя. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны выдзеліла на гэтыя мэты сродкі, беларускі бок выдаў ужо ўсе неабходныя згоды, фармальныя пытанні былі аформлены. І так крок за крокам мы рамантуем ваенныя магілы. Памяць пра гэтых людзей вельмі важная не толькі для гісторыі Польшчы, але таксама для гісторыі Еўропы ды Беларусі. Заўсёды, калі мы наведваем могілкі, мяне гэта цешыць, бо пры нагодзе мы можам сустрэцца з мясцовымі святарамі, уладамі, жыхарамі гэтых вёсак. Праўда, сёлета выключная сітуацыя, у нас пандэмія, у Беларусі шмат хворых, таму нам прыходзіцца захоўваць меры асцярожнасці.

Такіх месцаў памяці ў Беларусі вельмі шмат. Пасол Артур Міхальскі дадаў, што, згодна планам пасольства, на працягу лета дыпламаты намераны наведаць усе або амаль усе магілы ахвяр польска-бальшавіцкай вайны.

У. Пац/нг