Аднак за апошнія тыдні ў краіне выпалі вялізарныя ападкі, шмат разоў больш нормы. Гэта палепшыла сітуацыю расліннасці, але рэзервы падземных вод не папоўніліся, кажуць спецыялісты.
У чэрвені выпала больш за 300 адсоткаў нормы ападкаў. Моцныя дажджы прывялі да затаплення і мясцовых паводак. Па дадзеных метэаролагаў, гэта быў адзін з самых праліўных чэрвеняў з 1951 года. Дажджы нанеслі вялікую шкоду. Сярод іншых былі знішчаны дарогі, масты і сельскагаспадарчыя пасевы. Затопленымі былі нават цэлыя гарады, у тым ліку частка польскай сталіцы, дзе сістэма каналізацыі не магла справіцца з такой колкасцю вады. Распавядае сіноптык Дар'юш Віткоўскі.
- Найбольш ападкаў выпала ўначы з 20 на 21 чэрвеня на поўдні Польшчы ў горадзе Ядлоўнік. Там за гадзіну выпала 40 літраў на квадратны метр вады, а за суткі нападала 153 міліметра вады. У суседняй вёсцы – 120 міліметраў, то бок 120 літраў на квадратны метр. Гэта вельмі шмат. Для гэтага рэгіёну гэта трохмесячная норма. Столькі вады павінна выпасці нават цягам 4 месяцаў, а не 12 гадзін.
Яшчэ ў красавіку спецыялісты папярэджвалі, што Польшчы пагражае засуха. Цяпер жа ў чэрвені Польшчу затапіла. Што адбываецца, тлумачыў Польскаму радыё гідролаг з Польскай акадэміі навук Сэбасцьян Шклярэк.
- Нягледзячы на моцныя ліўні, засуха захоўваецца. Дажджы толькі яе запаволілі. Недаборы вады, якія накопліваліся месяцамі, ці нават гадамі ў некаторых рэгіёнах пакуль не папоўніліся. Насамрэч навадненне не спыняе засуху, а падчас засухі могуць быць навадненні. Кароткія ды моцныя дажджы не запаўняюць цалкам недаборы. Гэта як спрабаваць зʼесці тры сняданкі, абеды ды вячэры, каб кампенсаваць тыдзень галадоўкі. Так не бывае.
Ці пагроза засухі знікла?
- Апошнія дажджы палепшылі сітуацыю раслін. Але засуха тычылася не толькі расліннасці. Засуха пачынаецца, калі скарачаецца колькасць ападкаў падчас працяглага часу. За апошні месяц сышла атмасферная засуха. Палепшылася сітуацыя з сельскагаспадарчай засухай. Затое гідралагічная засуха, якая тычацца грунтовых вод, нікуды не знікла. Вада з моцных ліўняў сышла з хваляй з рэк. Узровень грунтовых вод пачаў зніжацца. На ўзроўні 30 см глыбіні глеба нават не заўважыла апошніх дажджоў.
Што рабіць, каб не было праблем з затапленнем гарадоў? Польскі ўрад абвесціў праграму «Утрыманне вады», ці гэта дапаможа?
- Так. Гэта адна з праграм, якая скіраванае на тое, каб захаваць ваду. Гэта галоўны сродак барацьбы з засухай і навадненнямі. Будаўніцтва розных малых сажалак, ёмістасцяў для захавання вады дазваляе ўтрымліваць ваду ў зямлі і эканоміць падземныя воды пры паліванні. Гэта добрая ініцыятыва, цалкам адпавядае апошнім трэндам.Такім спосабам мы беражэм нашыя запасы грунтовых і падземных вод.
Для вырашэння праблемы засухі ў Польшчы патрэбныя моцныя ападкі як мінімум два месяцы. Недахоп вады ў некаторых частках краіны яшчэ не адноўлены. Засуха не выключае паводкі, а паводкі не заканчваюць засуху, кажуць эксперты. Гідралагічная засуха, якая тычацца паверхневых вод, па-ранейшаму застаецца праблемай.
Юры Ліхтаровіч