Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дом на калёсах – сродак ад эпідэміі

12.07.2020 11:24
Сёлетняя эпідэмія каранавіруса моцна ўдарыла па турыстычнай галіне.
Аўдыё
  • Палякі абіраюць караванінг у часы каранавірусу
Ілюстрацыйны здымак Image by Jill Wellington from Pixabay/CC0

Пачаліся праблемы ў гатэляў ды пансіянатаў. Затое сапраўдны «рэнесанс» у Польшчы назіраецца ў галіне аўтамабільнага турызму, або караванінгу. Палякі пачалі ўцякаць ад эпідэміі на кэмпінгі ды ў аўтадамы.

Караванінгам называецца від аўтамабільнага турызму, калі вандроўнікі ездзяць у аўтадамах або аўтапрычэпах, якія служаць ім за месца начлегу, харчавання да перасоўвання.

Гэты від турызму даўно папулярны на Захадзе Еўропы ды ЗША. Ва Усходняй Еўропе наадварот доўга дамінаваў выязны турызм. За апошнія гады сітуацыя пачала змяняцца. Напрыклад, у Польшчы значна павялічыўся інтарэс да караванінга, кажа старшыня Польскай федэрацыі кэмпінга ды караванінга Міхал Шэфтэль.

- Апошнія гады ў Польшчы інтэнсіўна развіваўся аўтамабільны турызм. Караванінг абіраюць усё больш палякаў, як і шмат людзей прыязджае з-за мяжы. Пра што сведчыць той факт, што ў Польшчы большасць аўтадамоў і аўтапрычэпаў ужо зарэзервавана на гэты сезон. Апроч таго, цяпер караванінг у Польшчы складае 80% турыстычнага руху ў гэтым сегменце, тады як намёты скараціліся да 10% формаў пражывання. Гэта папулярна ў асноўным сярод моладзі ды студэнтаў. Сярод людзей ва ўзросце 40-70 гадоў куды больш папулярныя аўтапрычэпы і аўтадамы. Людзі іх купляюць, бо гэта сапраўдны дом на калёсах, на якім можна паехаць куды заўгодна і карыстацца з усіх выгод цывілізацыі, як кухня ды купальня.

Сёлета з сакавіка па май у Польшчы была ўведзена блакада грамадска-эканамічнага жыцця ў звязку з эпідэміяй каранавіруса. Гэта значна скараціла турыстычны рух. Цяпер назіраецца ўзнаўленне, але працэс мае абмежаваны характар. Шмат папулярных формаў ды месцаў адпачынку, асабліва за мяжой, надалей недаступныя для турыстаў. Больш за тое, частка людзей апасаецца каранавіруса. Больш бяспечным лічыцца караванінг, які больш ахвотна пачалі выбіраць палякі, кажа прадстаўніца Польскай групы караванінгу Яанна Вазьніца.

- Гэта становіцца моднай формай адпачынку ў звязку з бяспекай. Яшчэ гэта камфортна. З малымі дзецьмі зручна так вандраваць. Калі едзеце з дзецьмі ў далёкае падарожжа можна затрымацца ў любы момант і адпачыць, схадзіць у прыбіральню, бо маеце ўласную. Не трэба спяшацца ў гатэль на вызначаны час, бо гатэль з намі. Пра папулярнасць сведчыць колькасць прададзеных аўтадамоў. У 2017 годзе было прададзена 317штук, летась больш за 700, а з пачатку бягучага года ўжо прададзена каля 1000 новых кампераў.

На кэмпінгі сёлета масава вырушылі не толькі палякі. Шмат турыстаў едзе з-за мяжы. Тэндэнцыяй апошніх год стаў прыезд аўтатурыстаў з Нямеччыны, Галандыі, а таксама з Усходу, кажа Міхал Шэфтэль.

- Немцы і галандцы – гэта найбольшая група аўтатурыстаў, якія прыязджаюць у Польшчу. Іх прыцягвае сюды добрая інфраструктура. Больш за 60% польскіх кэмпінгаў на высокім узроўні. Таксама меншыя цэны, чым у Еўропе, бяспека ды прырода. Газета Guardian назвала польскім кэмпінг у Тымянах адным з 5 найлепшых у Еўропе. Найчасцей такія турысты едуць на мора (50%), Мазуры (30%), горы (20%) і 10% – рэшта краіны. У апошнія гады расце папулярнасць Падляшша. Таксама за апошнія гады вырасла папулярнасць польскіх кэмпінгаў сярод турыстаў з Усходу. У першую чаргу гэта грамадзяне балтыйскіх рэспублік, і яшчэ шмат прыязджае расійскіх турыстаў ды ўкраінскіх.

Чым прыцягвае людзей караванінг – гэта большая мабільнасць і свабода выбару, тлумачыць Яанна Вазьніца.

- У першую чаргу – гэта свабода выбару і тое, што мы самі вырашаем, што хочам рабіць. Калі нам падабаецца месца – застаемся, калі не, сядаем у аўто ды змяняем месца. Цяпер дадаліся яшчэ людзі, якія ад палавіны чэрвеня па верасень жывуць на кэмпінгах і працуюць дыстанцыйна.

Апроч таго – гэта проста таней і бяспечней, дадае Міхал Шэфтэль.

- Папулярнасці караванінгу паспрыяла эпідэмія, бо гэта самая бяспечная форма адпачынку. Тут турысты самі займаюцца сабой, кантакты з іншымі абмежаваныя, не мусяць ціскацца ў гатэльных калідорах. Апроч таго, арэнда абсталявання танейшая, чым побыт у гатэлі. Кошт начлегу ў аўтадоме на чалавека цяпер складае 80-100, гэта нашмат менш, чым найтаннейшы гатэль. Пры гэтым турысты маюць большую свабоду выбару.

Сёлетні турыстычны сезон будзе часам жніва для тых, хто займаецца абслугоўваннем рынку кэмпінгаў ды караванінгу. Ужо вырасла продаж аўтадамоў, расце найм, таксама расце колькасць ды якасць кэмпінгаў у Польшчы. Эпідэмія COVID-19 дадала папулярнасці гэтаму віду адпачынку.

Юры Ліхтаровіч