Польскае грамадства пачало змяняцца 12 сакавіка, калі ўрад зачыніў школы ды садкі. Праз два дні былі ўведзеныя абмежаванні ў функцыянаванні гандлёвых цэнтраў ды рэстаранаў. У апошні дзень сакавіка было ўведзена абмежаванне перасоўвання па краіне.
Польская штодзёнка прааналізавала, што змянілася ў жыцці палякаў. Па-першае, змянілася камунікацыя. Замест асабістых сустрэч часцей пачалі ладзіцца відэаканферэнцыі ды імпрэзы праз сеціва. Наступная навіна – людзі пачалі пераходзіць на аддаленую працу, а дзеці на навучанне анлайн.
З’явіліся прапановы ўзаемадапамогі ды салідарнасці, як зрабіць пакупкі старым, выгуляць сабаку.
У Сеціва перанесліся не толькі крамы, але і храмы. Палякі пачалі масава рабіць пакупкі анлайн ды браць удзел у віртуальных імшах. Гэтыя прызвычаенні засталіся і пасля адмены каранціну.
Палякі пачалі менш глядзець тэлевізіі, а больш розныя стрымінгавыя платформы. Таксама людзі пачалі больш гатаваць, а не проста падаграваць гатовыя стравы. Гэта вынік таго, што людзі больш часу праводзілі ўдома. Таксама вырасла спажыванне алкаголю ў польскім грамадстве.
Значная частка палякаў праз каранавірус набыла сабе ровар. Расце таксама колькасць жадаючых купіць аўта, каб пазбегнуць карыстання грамадскім транспартам. Людзі прызвычаіліся насіць маскі, не носяць пальчатак, але часта мыюць рукі. Польскае грамадства прызвычаілася да віруса, пачалася так званая «новая нармальнасць», піша выданне.
юл