Жыхары Варшавы ды госці польскай сталіцы як штогод аддалі пашану памяці змагарам Варшаўскага паўстання і мірным жыхарам, якія сталі ахвярамі фашыстаў падчас двух месяцаў баёў за вызваленне Варшавы ад нямецкіх акупантаў ды за незалежнасць польскай дзяржавы.
1 жніўня 1944 года ў 17 гадзін пачалося паўстанне ўзброенага падполля супраць фашыстаў. Афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды 76-ай гадавіны прайшлі каля помніка «Хвала пераможаным» (Gloria Victis) на варшаўскіх могілках Павонзкі. У іх удзельнічалі прэзідэнт Анджэй Дуда і прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Палявы біскуп Юзэф Гондэк у прамове перад малітвай за душы паўстанцаў адзначыў, што жывыя не прыйшлі сюды, на гэтыя магілы, каб плакаць, а каб праспяваць песню хвалы Богу з удзячнасці за тых, хто на алтар Айчыны ахвяраваў сваё здароўе і жыццё.
- Варшава была разбураная, але не знішчаная. Дзякуючы вернасці паўстанцкім каштоўнасцям, сіле духа і рашучасці, наша сталіца адрадзілася як Фенікс з попелу.
Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел таксама сведкі тых падзей, якія разыграліся на вуліцах Варшавы 76 гадоў таму. Па словах паўстанцаў, памяць пра гэтыя здарэнні для іх вельмі важная. У такі дзень вяртаюцца ўспаміны, – кажа намеснік старшыні Таварыства шэрых шэрагаў Тадэвуш Яраш (Tadeusz Jarosz).
- Вяртаюцца ўспаміны тых часоў. І паяўляецца задавальненне, што іншыя таксама памятаюць. Не заўсёды так было, што ўрачыстасці праходзілі на высокім дзяржаўным узроўні. Цяпер людзі памятаюць. Прыемна асабліва тое, што моладзь памятае. Гэта вельмі важна.
У мерапрыемствах, звязаных з гадавінай Варшаўскага паўстання, удзельнічае ўсё менш сведкаў тых падзей. Неўзабаве іх зусім не застанецца. Аднак застануцца іх успаміны. Агата Крысіньска-Жмігродзка (Agata Krysińska-Żmigrodzka) з Інстытуту Пілецкага нагадвае, што з успамінамі сведкаў можна пазнаёміцца на адмысловым сайце, падрыхтаваным інстытутам. Адрас сайту zapisyterroru.pl. У эфіры Польскага радыё Агата Крысіньска заклікала таксама ўсіх людзей, якія перажылі тыя падзеі, звяртацца да гісторыкаў, каб захаваць успаміны пра паўстанне, каб гэтая старонка польскай гісторыі не была забытая.
- Мы чакаем, заахвочваем звяртацца да нас. Мы прыедзем, запішам успаміны, паслухаем. Наша здымачная група прыязджае на месца, запісвае аповеды сведкаў у самых камфортных для іх умовах. Цяпер гэта адбываецца ў адпаведным санітарным рэжыме ў сувязі з эпідэміяй.
Надоечы ў Варшаве быў адкрыты помнік афіцэру Арміі Краёвай Станіславу Янкоўскаму. Помнік удзельніку Варшаўскага паўстання, які насіў псеўданім «Агатон», устаноўлены ў скверы ягонага імені ў цэнтры сталіцы на скрыжаванні вуліц Браварнай і Каровай. Помнік прадстаўляе «Агатона» у ролі архітэктара, паколькі, як нагадаў прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі, пасля вайны ён прымаў актыўны ўдзел у працэсе адбудовы сталіцы Польшчы.
- Мы ўсе пра гэта ведаем, усе памятаем, якую важную ролю ён выконваў у працэсе адбудовы нашага гораду.
У часы вайны Станіслаў Янкоўскі «Агатон» разам з калегамі вырабляў падробленыя дакументы, дзякуючы якім шмат кур’ераў і жаўнераў магло пазбегнуць смерці. Пасля вайны, калі вярнуўся з-за мяжы, ён уключыўся ў падыманне Варшавы з руін. Дачка «Агатона» Ганна Горска адзначае, што помнік ушаноўвае памяць не толькі яе бацькі, але таксама многіх іншых людзей.
- Ён сімвалізуе таксама многіх іншых, часта безыменных людзей, якія змагаліся разам з ім за Варшаву, а пазней працавалі з энтузіязмам у яе карысць.
Нацыяналістычныя асяроддзі зладзілі ў суботу марш Варшаўскага паўстання. Падчас гэтай дэманстрацыі не абышлося без невялікіх інцыдэнтаў – сутычак паміж актывістамі ЛГБТ-супольнасці і нацыяналістамі. Паліцыя старалася раздзяліць бакі, праверыла дакументы 46 чалавек, адзін быў затрыманы. Гэтая асоба напала на супрацоўніка праваахоўных органаў, яна была пад уплывам алкаголю. 16 чалавек, якія стараліся перакрыць шлях удзельнікам маршу, былі вынесеныя паліцэйскімі з трасы маршу.
Дэманстранты скандавалі «Бог. Гонар. Айчына», неслі транспаранты з надпісамі «Немцы не адказалі за злачынствы», «Нармальная сям’я – магутная Польшча». На трасе маршу ў вокнах кватэр паявіліся вясёлкавыя сцягі (сімвал ЛГБТ) і надпісы «Фемінізм – не фашызм», «Паўстань супраць фашызму».
У дзень 76-ай гадавіны Варшаўскага паўстання нямецкае пасольства паведаміла, што «на знак глыбокага болю і сораму па прычыне жорсткіх злачынстваў нямецкіх акупантаў у барацьбе з мірнымі жыхарамі Варшавы падчас Варшаўскага паўстання, сцягі на пасольстве былі апушчаныя да паловы».
Інфармацыя пра гадавіну Варшаўскага паўстання была змешчана на сайце адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. У ёй прыводзіцца вытрымка з выступлення Трампа падчас візіту ў Польшчу 1 жніўня 2017 года. У інфармацыі падкрэсліваецца, што два гады таму амерыканскі прэзідэнт выступіў у Варшаве з адной з самых важных прамоваў падчас яго тэрміну паўнамоцтваў. Тады, стоячы каля помніка Варшаўскаму паўстанню, Дональд Трамп заклікаў бараніць заходнюю цывілізацыю.
нг