Беларуская Служба

Удзельніца пратэстаў: «Мы даб'емся Беларусі без Лукашэнкі»

11.08.2020 13:12
Палітолаг Руслан Шошын мяркуе, што рэжым Лукашэнкі перажывае наймацнейшы палітычны крызіс.
Аўдыё
  • Палітолаг Руслан Шошын мяркуе, што рэжым Лукашэнкі перажывае наймацнейшы палітычны крызіс.
Protesty powyborcze w Mińsku 1011 sierpnia
Protesty powyborcze w Mińsku 10/11 sierpniaPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Уначы 10 жніўня беларуская сталіца выбухнула: масавыя пратэсты прайшлі адразу ў некалькіх месцах у цэнтральнай частцы гораду і ў дзясятках спальных мікрараёнаў.

Масавыя і бязладныя затрыманні пачаліся яшчэ да пачатку акцый пратэсту, але калі беларусы выйшлі вуліцы і плошчы сваіх гарадоў, каб патрабаваць сыходу Лукашэнкі, сілавікі пачалі ўжываць спецсродкі: слезацечны газ, гумовыя кулі і светлашумавыя гранаты. Сутыкненні пратэстуючых з сілавікамі адбываліся ў Мінску, Брэсце, Наваполацку, Пінску, Віцебску, Магілёве і многіх іншых гарадах Беларусі. Аднак менавіта ў беларускай сталіцы супрацьстаянне грамадзянаў, якія абаранялі свае галасы, і рэпрэсіўнай махіны было самым жорсткімі і масавым.

Да пратэстаў падключыліся аўтамабілісты: яны мэтанакіравана блакавалі вуліцы, каб перашкодзіць ваеннай тэхніцы. Пасля гэтага амапаўцы пераселі ў машыны хуткай дапамогі і падʼязджалі да пратэстоўцаў пад выглядам лекараў. Самыя крывавыя сутыкненні прайшлі каля станцыі метро «Пушкінская», паводле афіцыйнай інфармацыі, там загінуў адзін з пратэстоўцаў.

Мянчук Максім таксама быў ля станцыі метро «Пушкінская». Маладзён прыйшоў туды, каб адстаяць свой скардзеныголас, скрадзены шанец Беларусі на перамены:

-Трэба адстойваць свае галасы, якія відавочна былі скрадзеныя і сфальсіфікаваныя. Я быў на Пушкінскай, сабралася шмат народа. Натоўпы падыходзілі з трох бакоў скрыжавання. Складана сказаць, колькі там было людзей, можа, пяць тысяч, можа – больш. У асноўным усе былі мірна настроеныя, пры гэтым у раёне 21-21.30 людзі пачалі будаваць барыкады. Усё гэта суправаджалася лозунгамі «Жыве Беларусь», «Сыходзь», «Пераменаў» і «Адпускай». Прыблізна ў 22.30 на высокай хуткасці натоўп пачалі разганяць белыя мінівэны з мігалкамі, адтуль у народ кідалі светлашумавыя гранаты. Так яны разганялі натоўп. Людзі пачалі разбягацца, хавацца ў бліжэйшых дамах, падʼездах.

Удзельнікі акцый пратэсту пастаянна падкрэсліваюць, што іх дзеянні мірныя, беларусы выступаюць за мірныя перамены, а сілавыя структуры неабгрунтавана і непрапарцыйна ўжываюць сілу, што ўжо прыводзіць да чалавечых ахвяр. На гэта звяртае ўвагу ўдзельнік падзей каля станцый метро «Пушкінская» і «Спартыўная» Артур:

-Акцыя насіла мірны характар. Ніхто нічога не біў і не граміў. Людзі мірна стаялі і патрабавалі справядлівых выбараў. Сілавікі пачалі закідваць натоўп светлашумавымі гранатамі. Я бачыў, як выстралілі прама ў грудзі аднаму чалавеку, які хацеў падысці да «касманаўтам». Ён адразу ўпаў. Хуткія падʼязджалі кожныя 5-10 хвілін і забіралі параненых. Кагосьці неслі на руках, хтосьці скалечаны сам клыпаў да машыны «хуткай». Было вельмі шмат «хуткіх». Пускалі слезацечны газ і без перапынку закідвалі нас святлошумавымі гранатамі. Многія атрымалі траўмы. Потым «амапаўцы» даганялі пратэстоўцаў, збівалі іх. Не затрымлівалі, мяркуючы па ўсім, турмы ўжо перапоўненыя.

Аднак, грунтуючыся на паведамленнях з Беларусі, людзі працягнуць пратэст, і гэта пацвярджае мянчанка Анастасія:

-У нас вельмі мала інфармацыі. Інтэрнэту практычна няма, можна атрымаць абмежаваны доступ да інфармацыі праз пірацкія праграмы. Людзей гэта не палохае і не спыняе. Беларусы працягнуць выходзіць, мы дабʼемся Беларусі без Лукашэнкі, і мы дабʼемся сумленных выбараў.

Палітолаг, публіцыст польскага выдання Rzeczpospolita Руслан Шошын мяркуе, што рэжым Лукашэнкі перажывае наймацнейшы палітычны крызіс:

-Зараз рэжым перажывае самы доўгі палітычны крызіс у сваёй гісторыі. Сістэма здаецца стабільнай, у іх ужо пачалася новая пяцігодка. Лукашэнка ўпэўнены, што пратэсты будуць раздушаныя.

Але праблема ў тым, што пратэст ужо набывае стыхійныя і непрадказальныя формы. Няма ніякай цэнтральнай каардынацыі, няма лідараў пратэсту. Такі працэс вельмі складана кантраляваць, практычна немагчыма. Можна Ціханоўскую выдаліць за мяжу, запалохаць яе, але яна не лідар пратэсту. Людзі выходзяць знянацку, самі па сабе.

Беларусы стаміліся ад 26 гадоў кіравання А. Лукашэнкі, беларусы прагнуць пераменаў. Па афіцыйных паведамленнем МУС, якія не ўяўляецца магчымым праверыць, за два дні пасля выбараў па ўсёй краіне было затрымана каля 5 тысяч чалавек.

Матэырял падрыхтаваў Эдуард Жолуд

Слухайце аўдыё!