Беларуская Служба

Вераніка Цапкала з мужам і дзецьмі знаходзяцца ў Польшчы (дапоўнена)

19.08.2020 11:36
На 20 жніўня запланаваная сустрэча Веранікі Цапкалы са старшынёй верхняй палаты польскага парламенту Томашам Гродзкім.
Аўдыё
  • Вераніка Цапкала з мужам і дзецьмі знаходзяцца ў Польшчы
Вераніка і Валер Цапкалы Foto: Vera Eremova / Shutterstock.com

Польскае МЗС і дэпутат ад партыі «Грамадзянская кааліцыя» Міхал Шчэрба (Michał Szczerba) дапамаглі сям'і Цапкалаў трапіць у Польшчу.

Мы звязаліся з Міхалам Шчэрбам, які даволі моцна заангажаваны і зарыентаваны ў тым, што сёння адбываецца ў Беларусі.

- Мае знаёмыя ў Беларусі, апазіцыйныя актывісты і журналісты папрасілі мяне дапамагчы спадарыні Вераніцы Цапкале, якая вырашыла адпачыць на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу пасля вычарпальнай выбарчай кампаніі. Апроч гэтага ў Беларусі ёй пагражаў арышт. Яна знаходзіцца ў Польшчы разам з мужам і дзецьмі. Мне вядома, што ў яе планах таксама візіт у Літву з мэтай сустрэчы і перамоваў са Святланай Ціханоўскай, з якой яны супрацоўнічалі падчас кампаніі. Напэўна Вераніка Цапкала падчас побыту ў Варшаве працягне палітычную і медыйную актыўнасць, – сказаў Беларускай службе Польскага радыё дэпутат Сейму Міхал Шчэрба.

На 20 жніўня запланаваная сустрэча Веранікі Цапкалы са старшынёй верхняй палаты польскага парламенту  Томашам Гродзкім (Tomasz Grodzki).

- Я перадаў запрашэнне ад старшыні Сенату Гродзкага на заўтра на 10.00. Старшыня цікавіцца беларускімі справамі і хоча з першых рук мець інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, што там адбывалася напярэдадні выбараў і пра тое, што там адбываецца зараз. А калі казаць пра прыезд Цапкалы ў Польшчу і маю дапамогу, то я наўпрост супрацоўнічаў з МЗС. Мы разам з намеснікам міністра замежных справаў Паўлам Яблоньскім (Paweł Jabłoński) лічым, што ў гэтай сітуацыі ніякія палітычныя падзелы не павінны мець месца і яны не маюць значэння. Мы разам працуем, бо ж існуе патрэба дапамагаць беларусам, асабліва, калі яны адчуваюць сябе ў небяспецы ў сваёй роднай краіне. І так будзе пакуль існуе рэжым Лукашэнкі.

Вераніка Цапкала прыляцела з Украіны, яна застанецца ў Варшаве некалькі дзён. Польскі дэпутат Міхал Шчэрба наведаў Беларусь адразу пасля выбараў і цяпер ён пільна сочыць за падзеямі ў суседзяў. Мы запыталі, якія ў палітыка меркаванні наконт шанцаў беларусаў на перамогу над рэжымам Лукашэнкі.

- Я вельмі разлічваю на рашэнні Еўрапейскай Рады. Гэта павінна быць рашучая пазіцыя. Ніякая еўрапейская краіна не прызнае агучаных ЦВК вынікаў выбараў у Беларусі. ЦВК цалкам фальсіфікаваў волю грамадства. Асноўнай мэтай павінна быць правядзенне новых справядлівых выбараў з удзелам міжнароднай грамадскасці. Паводле інфармацыі, якую я атрымліваю ад маіх беларускіх партнёраў, дынаміка пратэстаў вельмі вялікая, то бок уключаюцца чарговыя прафесійныя групы і чарговыя заводы ды фабрыкі далучаюцца да агульнанацыянальнай забастоўкі. Вялікае абурэнне выклікаюць у народзе сведчанні людзей, якія былі затрыманыя і прайшлі праз катаванні ў следчых ізалятарах.

 Як вы лічыце, у чым павінна заключацца рашучая пазіцыя Еўрапейскага Звязу.

 - Бясспрэчна, патрабаваць новых выбараў на аснове новых прававых і арганізацыйных нормаў, з роўным доступам да выбарчых камісіяў усіх палітычных арганізацыяў, стварэнне магчымасці назірання за выбарамі для беларускіх і міжнародных назіральнікаў. Акрамя гэтага, перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам аб гэтак званай «стратэгіі сыходу».

 Аднак сам Аляксандр Лукашэнка не збіраецца сыходзіць і разлічвае на падтрымку Уладзіміра Пуціна.

 - Так, Лукашэнка не хоча аддаваць уладу, але таксама ён дасканала ведае, што не мае легітымнасці свайго статусу, таму грамадскасць вольнага свету павінна ўспрымаць яго як экс-прэзідэнт, які цяпер проста «спадар Лукашэнка» і ўзурпатар.

 Аднак для Лукашэнкі гэта не новая сітуацыя, калі яго не будуць прызнаваць прэзідэнтам...

- Але цяперашняя сітуацыя надзвычайная. Ніколі ў гісторыі Беларусі не было настолькі маштабных пратэстаў, які мы бачылі ў апошнюю нядзелю. Ён ведае аб поўнай кампраметацыі сваёй асобы і панікуючы пзмагаецца за ўладу і выкарыстоўвае дзеля гэтага сілавікоў, якія, па сутнасці, адзіныя, хто яго падтрымлівае.

Якім чынам, паводле вас, Еўразвяз павінен ставіцца да Пуціна, які падтрымлівае Лукашэнку? Пуцін падкрэслівае, што ўмяшальнцітва Захаду ў справы Беларусі недапушчальнае.

 - Ніякае ўмяшальніцтва не плануецца. Міжнародны ціск мусіць быць паслядоўны ў сувязі з рызыкай выкарыстання сілы і гвалту да пратэстоўцаў. І я думаю, што станоўчай ацэнкі заслугоўваюць гутаркі еўрапейскіх лідараў з Пуціным. Мы ж не ведаем, што думае ці што плануе Пуцін. Ён павіншаваў Лукашэнку з вынікамі выбараў, але публічна не выказаўся на гэты конт.

Міхал Шчэрба лічыць, што Беларусь не павінна заставацца ў расійскай зоне ўплываў. Краіна мае права выбраць свой палітычны ды эканамічны шлях, які не выключае супрацоўніцтва з Расіяй.

Гутарыла Яланта Смялоўская