Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ці жнівенская рэвалюцыя звергне Лукашэнку?

23.08.2020 06:46
Выбары і пратэсты ў Беларусі падрабязна асвятляюць польскія журналісты.
                     ,     ,  12.08.2020
Жанчыны ў Мінску апранулі белую вопратку на мірныя мітынгі супраць фальсіфікацыі прэзідэнскіх выбараў і ў падтрымку затрыманых і пацярпелых удзельнікаў акцый пратэсту, якія разгарэліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, Мінск 12.08.2020 EPA / TATYANA ZENKOVICH Пастаўшчык: PAP/EPA

Карэспандэнтка часопіса Newsweek падрабязна распавяла, што адбывалася ў Мінску адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў і на працягу цэлага тыдня пасля выбараў. Агнешка Жондла (Agnieszka Żądło) расказвае кароткія гісторыі людзей, якіх яна сустрэла на вуліцах Мінска ў гэтыя дні. І так напрыклад, Ганна Карганіна здолела збегчы ад АМАПАўцам, але яе мужа зацягнулі ў аўтазак. Пара вярталася дадому і спынілася, бо мужчына на тэлефон пачаў здымаць пратэстуючых, і тут раптам пад'ехаў мікрааўтобус. – Яны заскочылі і хутка кінулі мужа ў машыну. Белым днём! За што, людзі мілыя? Як так можна? Мы ім нічога не зрабілі – распавяла спадарыня Ганна.

Іншая гісторыя – пенсіянер, які не хоча назваць сваё імя і не дазваляе зрабіць фотаздымак, паказвае ў тэлефоне мужчыну, які загінуў пад коламі аўтазака. – Я ведаў Лукашэнку асабіста. Я быў ваенным на даволі высокай пасадзе, і я ведаю, які гэта чалавек. Самы паганы. Ён знішчыў нават самых блізкіх сяброў. Я ніколі не галасаваў за яго, – прызнаўся польскай журналістцы былы ваенны.

У публікацыі тыднёвіка Newsweek прыводзяцца таксам выказванні беларусаў, якія не хочуць ні пратэстаў, ні дэмакратыі. Некаторыя гандляры Камароўскага рынку казалі: Дзе пасля рэвалюцыі добра жывецца? – У Тунісе, у Турцыі? – Нідзе! Хто нам дапаможа, так як Польшчы дапамагаў захад? Мы застанемся самі як Украіна. Бо дэмакратыя не нясе нічога добрага, – мужчына, які прадае на рынку драўляныя сувеніры  і ягоны калега ўпэўнены, што, калі Лукашэнка будзе звергнуты, стане яшчэ горш. – Заводы разваляцца, вырасце беспрацоўе, а Расія забярэ ў нас тэрыторыю.

Але гэта адзінкавыя галасы. Пераважная большасць маіх суразмоўцаў лічыць, што перамены Беларусі неабходныя, – напісала Агнешка Жондла ў сваім рэпартажы  з Беларусі ў тыднёвіку Newsweek.

*

Ці жнівенская рэвалюцыя звергне Лукашэнку?

Часопіс Polityka прысвяціў Беларусі сваю тытульную старонку. Выданне пытаецца, ці жнівенская рэвалюцыя звергне Лукашэнку?

Аўтар публікацыі Славамір Серакоўскі (Sławomir Sierakowski). Ён піша: Беларуская рэвалюцыя - гэта першы крок да незалежнасці Беларусі,  гэта народзіны сучаснага народу і апошні акорд распаду СССР. Пры ўмове, што яна атрымае поспех.

Якім чынам можа закончыцца эпоха лукашызму ў Беларусі? – пытаецца аўтар. І прагназуе: Паколькі ён не здольны на ніякі кампраміс, можна адразу выключыць сцэнары аб паразуменні з апазіцыяй, паўтор іспанскага шляху да дэмакратыі ці польскі Круглы стол. Лукашэнка або скончыць як Віктар Януковіч у выгнанні са скрадзенаым дабром або як Ніколаэ Чаўшэску.

Калі б Расія хацела геапалітычнай завірухі, то расійскія СМІ і прапаганда ўжо рыхтавалі б грунт і інтэсіўна палівалі бы беларускі пратэст брудам. Пуцін прыдумаў бы тэорыі змовы і звозіў бы да мяжы з Беларуссю расійскія войскі.  І не дазволіў бы злавіць пад Мінскам зялёных чалавечкаў.

Аднак Лукашэнка вызвоньвае Пуціну і пагражае свайму народу расійскімі танкамі.

Серакоўскі піша, што пасля праблем з Грузіяй і Украінай Захад пакінуў беларусаў саміх сабе. Так, заходнія дзяржавы выступаюць за тое, каб беларусам удалася трансфармацыя, але вядома, што новы прэзідэнт і новы парадак у Беларусі павінен падабацца Крамлю. Найбольш аптымальным падаецца ўзор Арменіі – самастойнай дзяржавы, адносна дэмакратычнай, але прыхільнай да Расіі і без амбіцыі далучыцца да НАТА і ЕЗ.

І такі сцэнар можа  таксама задаволіць беларускую апазіцыю і грамадства . Але мала хто ў Беларусі чакае паглыблення інтэграцыі з Расіяй. Нават у адступленне пайшла  культурная русіфікацыя, а незалежныя СМІ двухмоўныя. Беларуская мова памалу адраджаецца, – напісаў у тыднёвіку Polityka Славамір Серакоўскі.

*

Беларусы больш не хочуць Лукашэнкі, але не Расіі

Аслабленне дыктатара Беларусі на руку Пуціну, піша Мацей Печыньскі (Maciej Pieczynski) ў тыднёвіку Do Rzeczy.

Пасля фальсіфікацыі выбараў беларуская апазіцыя слабая і пазбаўлена лідараў. За тое, беларуская вуліца – магутная і рашуча прагне «раздавіць усатага таракана». А ў выніку паслявыбарных пратэстаў атрымае перамогу Расія?

Магчыма Крэмль наўпрост не аказвае падтрымкі Лукашэнку, бо такім чынам помсціць за блакаванне інтэграцыі. Масква чакае, пакуль скампраметаваны Лукашэнка сам будзе прасіць дапамогі, – кажа Do Rzeczy незалежная расійская каментатарка і палітолаг Кацярына Шульман.

Рэжым Пуціна прызнае толькі такі «суверэнітэт», у якім прэзідэнт мае права кіраваць краінай па-свойму, нягледзячы на тое, што скажа свет. Расія таксама і не падтрымае пратэстаў, каб пакараць Лукашэнку, бо баіцца  перакідвання каляровай рэвалюцыі ўжо на Расіі.

Пуцін павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах і гэта самы лепшы адказ на пытанне, на чыім ён баку, – піша Мацей Печыньскі (Maciej Pieczynski) ў часопісе Do Rzeczy.

яс