Беларуская Служба

Пілот Антоні Главацкі - паляк, які за адзін дзень збіў пяць нямецкіх самалётаў

04.09.2020 09:02
Бітва за Брытанію, у якой удзел прымаў і Главацкі, працягвалася з 10 ліпеня па 30 кастрычніка 1940 года.
Аўдыё
  • Пілот Антоні Главацкі - паляк, які за адзін дзень збіў пяць нямецкіх самалётаў
     Spitfire   1942
Антоні Главацкі каля свайго самалёта Spitfire у жніўні 1942 годаPublic Domain

У гістарычнай рубрыцы мы часта знаёмім нашых слухачоў з вядомымі гістарычнымі постацямі і ўжо не раз расказвалі пра авіятараў. Сёння – чарговы герой Другой сусветнай вайны. Звалі яго Антоні Главацкі.
Падпалкоўнік Войска Польскага і маёр Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл Вялікабрытаніі, ас часоў Другой сусветнай вайны Антоні Главацкі – герой нашай сённяшняй гістарычнай рубрыкі. Ён ваяваў у славутым 501-м дывізіёне знішчальнікаў і ўстанавіў рэкорд, які не ўдалося пабіць ні аднаму лётчыку да канца Бітвы за Брытанію.

Антоні Главацкі нарадзіўся ў лютым 1910 года ў Варшаве. У 1935 годзе закончыў ваеннае вучылішча польскіх ВПС і паступіў на службу ў 1-ы авіяцыйны полк, штаб якога знаходзіўся ў Варшаве. У 1938 годзе Главацкі быў пераведзены на пасаду авіяінструктара ў гарадок Дэмблін, дзе па сённяшні дзень знаходзіцца вучылішча ВПС Польшчы, якое, ён, дарэчы, закончыў.

Калі немцы напалі на Польшчу 1 верасня 1939 года, Антоні Главацкі змагаўся ў цэнтральнай Польшчы. Калі краіна пацярпела паразу, яму ўдалося прабрацца ў Вялікабрытанію, куды імкнуліся многія польскія афіцэры, каб працягнуць змагацца з ворагам. Першапачаткова польскага пілота накіравалі ў бамбардзіровачную авіяцыю, але ён быў пілотам знішчальніка і хацеў лётаць менавіта на іх. І таму дабіўся свайго пераводу і трапіў у вядомы 501-ы полк знішчальнікаў, дзе лётаў на славутых самалётах Hurricane.

Бітва за Брытанію, у якой удзел прымаў і Главацкі, працягвалася з 10 ліпеня па 30 кастрычніка 1940 года. Гэты тэрмін упершыню выкарыстаў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль. Ён гэтак назваў спробу Трэцяга рэйха заваяваць панаванне ў паветры над поўднем Англіі і падарваць баявы дух брытанскага народа.

Падчас бязлітасных паветраных баёў Каралеўскія ВПС Вялікабрытаніі пры падтрымцы лётчыкаў з іншых краін, у тым ліку Польшчы, адбілі спробы Люфтвафэ заваяваць панаванне ў паветры, знішчыць брытанскую авіяцыю, разбурыць прамысловасць і інфраструктуру краіны, дэмаралізаваць насельніцтва і тым самым прымусіць Вялікабрытанію да капітуляцыі ці заключэння міру.

У жніўні 1940 года падчас трох баявых вылетаў на працягу аднаго дня збіў ажно пяць варожых самалётаў. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю, і пра Главацкага нашы калегі з Польскай службы Радыё «Свабода» ў 1950-я гады нават зрабілі перадачу.

- 24 жніўня пілот, сяржант Антоні Главацкі з 501-а палка знішчальнікаў стаў героем дня. Ён збіў пяць нямецкіх самалётаў. Гэта быў рэкорд, якога не ўдалося пабіць да канца Бітвы за Брытанію.

У 1941 годзе Антоні Главацкі быў пераведзены ў славуты 303-і знішчальны дывізіён Каралеўскіх ВПС Вялікабрытаніі, у якім служылі польскія лётчыкі. Пазней пілот лётаў у іншых авіяатрадах, але выключна ў польскіх, што былі ў складзе брытанскай арміі. Нягледзячы на тое, што ён служыў ва ўзброеных сілах Вялікабрытаніі, то пры гэтым быў польскіх афіцэрам. У канцы вайны Антоні Главацкі быў ужо ў званні падпалкоўніка польскіх ВПС на чужыне.

Пасля вайны выехаў у Новую Зеландыю, дзе паступіў на службу ў ВПС краіны ў званні капітана. У 1960 годзе звольніўся ў запас і перайшоў на чыноўніцкую працу ў Дэпартамент грамадзянскай авіяцыі. Памёр у 1980 годзе ў Велінгтоне.

Агулам Антоні Главацкі збіў у вайну 17 варожых самалётаў.

вс

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу