Сілезскі ўніверсітэт прапануе беларусам спрашчэнні пры паступленні. Прэс-сакратар ВНУ Яцэк Шумік-Казачка гаворыць, што студэнты з Беларусі, між іншым, могуць бясплатна вывучаць польскую мову і жыць у інтэрнатах.
-Кандыдатам з Беларусі мы прапануем 40 дадатковых месцаў на бягучы навучальны год. Таксама падоўжаны тэрмін прыёму заявак, бо ажно да 30 кастрычніка. Ёсць магчымасць дапаўнення дакументаў у яшчэ больш познім тэрміне. Эластычныя ўмовы пачатку навучання і асабістага ўдзелу ў занятках. Гэта таксама магчымасць бясплатнага пражывання ў інтэрнаце ў першым месяцы, а ў выпадку цяжкой матэрыяльнай сітуацыі нават даўжэй.
У сваю чаргу Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту з гэтага тыдня адкрыў новы набор студэнтаў на праграму Кастуся Каліноўскага. Навучанне па праграме з’яўляецца бясплатным – тлумачыць дырэктар студыюму Ян Маліцкі:
-Гэта далейшы працяг таго, што было ўжо доўгія гады. Студыюм распачаў новы набор, папярэдні мы закончылі ў чэрвені, бо пераследаваных па палітычных прычынах было мала. Новы этап прызначаны для пераследаваных, пабітых, зняволеных у апошніх дэманстрацыях, а таксама для выкінутых з ВНУ, калі такія будуць.
Набор на праграму Кастуся Каліноўскага распачаўся на гэтым тыдні. Ён будзе працягвацца пакуль не будзе вычарпаны ліміт месцаў.
ав