Крокі, якія прадпрымала Сусветная арганізацыя аховы здароўя ў сувязі з пандэміяй SARS-СoV-2, выклікаюць шмат сумненняў. Адносна арганізацыі гучала шмат абвінавачванняў у бяздзейнасці ды ігнараванні наступстваў масавых захворванняў на каранавірусную інфекцыю – піша Niezalezna.pl.
У Жэневе створана група, якая павінна правесці расследаванне, ці арганізацыя сапраўды ігнаравала пагрозу. На чале групы экспертаў – дзве старшыні – былая прэзідэнт Ліберыі Элен Джонсан-Серліф (Ellen Johnson Sirleaf) і былая прэм’ер-міністр Новай Зеландыі Хелен Кларк (Helen Clark). Першыя высновы сваёй працы група намерана прадставіць яшчэ ў лістападзе, а вырашальны даклад плануецца прыняць у будучым годзе.
Большасць краін, якія ўваходзяць у склад СААЗ, яшчэ ў маі пачалі патрабаваць правесці следства па пытанні стаўлення арганізацыі да каранавіруснай інфекцыі, крытыкуючы яе за спозненую рэакцыю.
У чэрвені інфармацыйнае агенцтва Associated Press паведаміла, што ў студзені на працягу некалькіх тыдняў Кітай марудзіў з перадачай СААЗ асабліва важнай інфармацыі на тэму віруса, уключна са звесткамі пра яго генетычную пабудову.
Відэазапісы пасяджэнняў СААЗ паказваюць, што высокапастаўленыя чыноўнікі арганізацыі скардзіліся на пазіцыю Пекіна і адсутнасць дадзеных з Кітая, але пры гэтым дырэктар арганізацыі хваліў гэтую дзяржаву за быццам бы хуткую перадачу празрыстай інфармацыі.
нг