Масавая культура, якая нас паўсюль акружае, не магла б існаваць без польскай мовы. Фільмы, кніжкі, рэкламныя ролікі не толькі выкарыстоўваюць мову, а таксама на яе ўздзейнічаюць. Якім чынам? Аб гэтым пойдзе гутарка ў сённяшняй перадачы «Польская мова без межаў».
У студыі журналіст Бартэк Хаціньскі, супрацоўнік тыднёвіка Polityka, Польскага радыё, аўтар шэрагу публікацый і слоўнікаў найноўшай польскай мовы i сябра Рады польскай мовы. Мова не жыве ў вакууме, гэта частка культуры ў шырокім разуменні. Ці можна адказаць на пытанне: мова стварае тэксты і культурныя зʼявы, ці наадварот – культура ўплывае на мову?
- З аднаго боку, мова зʼяўляецца крыніцай культурных зʼяваў такімі, як мы іх бачым, а з другога, масавая культура аказвае ўздзеянне на мову. Некаторыя кажуць, што з мовы пачалася культура, але я лічу, што культура пачалася са спеву. Але, напэўна, мова ўплывае, уздзейнічае на кшталт культуры. У прыватнасці, масавая культура выкарыстоўвае новыя моўныя зʼявы і тэндэнцыі, адлюстроўвае тое, як людзі размаўляюць. У сваю чаргу мова адлюстроўвае новыя зʼявы масавай культуры, напрыклад, непасрэднасць адносін. Напэўна гэтая непасрэднасць моцна ўразіла б чалавека з 50-ых гадоў, калі пачалася ўспышка масавай культуры, які апынуўся б у нас: песні, кіно, коміксы, кампʼютарныя гульні. Напэўна, моцна здзівіла б тое, што ўсе звяртаюцца на ты.
Якія элементы масавай культуры найбольш уздзейнічаюць на мову?
- Я хачу сказаць пра літаратурныя творы, якія цяпер ужо не так папулярныя, як 60-70 гадоў таму, калі мастацкая літаратура аказвала надзвычай вялікі ўплыў на мову. Сёння ўжо так не скажаш. За апошнія 20 гадоў польскай літаратуры, бадай што, кніжкі Дароты Маслоўскай найлепш адлюстроўваюць штодзённую польскую мову. Але яны адлюстроўваюць, не фармуюць мову. У сваю чаргу мова музыкі хіп-хоп дала нам рэпераў. Камп'ютарныя гульні ўплываюць на мову, а пра кіно сёння ўжо так не скажаш.
Аналізуючы змены ў сучаснай польскай мове, вы, як журналіст, даследчык змен сучаснай мовы, займаецеся пераважна музыкай, тэкстамі песень. Ці тое, што чалавек слухае, застаецца ў ім, а потым уплывае на мову, якую ён ужывае?
- Так. Бясспрэчна. «Песня дапаможа заўсёды», як некалі спявала «Кабарэ джэнтльменаў ва ўзросце». Песні ствараюць новыя выразы, словазлучэнні і крылатыя словы. Вось як гэты прыведзены прыклад Кабарэ. Сутнасць у тым, што калі літаратурны твор ці фільм ведаюць тысячы, то песню слухаюць і ведаюць мільёны. І доступ да песень надзвычай просты. Аднак жа, хачу адзначыць, што ўплыў песні на мову за апошнія 20 гадоў значна паслабеў. Вялікая частка польскіх музыкаў хоча ўвайсці на міжнародны музычны рынак і яны сталі спяваць на англійскай мове. З такіх уплывовых на мову спевакоў сёння застаўся Казік, які ўвесь час здольны кінуць фразу, якая прыцягвае ўвагу, шакуе, застаецца ў памяці і нават сварыць публіку.
Давайце затрымаемся пры музыцы хіп-хоп. Ці мова, якая ўжываецца рэперамі, застаецца ў коле слухачоў гэтага віду музыкі, ці выходзіць далей у грамадства?
- Яна аказвае шырокі ўплыў. Мы хіп-хоп крыху не даацэньваем. Гэта падобна, хоць зусім інакш, як з музыкай дыска-пола. Дыска-пола доўгі час не асвятлялася ў СМІ, бо нам за яе было сорамна, а хіп-хоп таксама абмінаўся медыямі, таму што мова гэтай музыкі бывае вульгарнай і не выпадала яе круціць. Але разам з распаўсюджаннем сацыяльных сетак, YоuТube, аказалася, што ў хіп-хопа велізарная публіка. З гэтай музыкі распаўсюдзілася, напрыклад, прывітанне «морда» або «дзіку». I з адмоўнага слова «морда» атрымліваецца сімпатычнае прывітанне «Эй, морда, што чуваць».
Некаторыя новыя словы і словазлучэнні з твораў масавай культуры: музыкі, фільмаў, плакатаў, кампʼютарных гульняў на доўга прыжываюцца ў мове, як напрыклад: «Жанчына мяне бʼе», або «Aльберцік, выходзім!» з фільму «Секс-місія або Новые амазонкі», іншыя атрымліваюць кароткае жыццё, як напрыклад, распаўсюджанае нядаўна хіп-хопам «пата-інтэлігенцыя», якое праіснавала некалькі месяцаў.
Пра ўздзеянне твораў масай культуры на польскую мову ў нашым эфіры гаварыў журналіст Бартэк Хаціньскі, супрацоўнік тыднёвіка Polityka, Польскага радыё, аўтар шэрагу публікацый і слоўнікаў найноўшай польшчыны i сябра Рады польскай мовы.
Перадача «Польская мова без межаў» фінансуецца са сродкаў канцылярыі старшыні Рады міністраў у рамках падтрымкі палякаў замежжа.
Пшэмэк Павэлэк/яс