У нядзелю ў Гдыні ў дэманстрацыі салідарнасці з беларусамі прынялі ўдзел больш за 100 чалавек. Удзельнікі акцыі прайшлі каля двух кіламетраў ад парусніка „Дар Памор’я” на плошчы Касцюшкі да Помніка ахвярам снежня 1970 года, што знаходзіцца ля будынку гарадскіх уладаў, скандуючы: „Лукашэнка сыходзь!”, „Жыве Беларусь!" і „Салідарнасць!”, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Акцыя мела характар хэпенінга. Частка з удзельнікаў былі апрануты ў чорную вопратку, на твары ў іх былі папяровыя маскі з чырвонай выявай кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, а рукі запэцканыя чырвонай вадкасцю, нібыта крывёю. Падчас шэсця ў некалькіх месцах былі пастаўлены сцэны збівання дубінкамі.
„Дзякуй вам за тое, што вы з намі ў гэты цяжкі, але і прыгожы для Беларусі час. Чаму я сказала „прыгожы”? Бо большасць з нас усё сваё свядомае жыццё чакала гэтага моманту абуджэння цэлага народа(…) Цяпер страх прыйдзе не ў нашыя дамы, а ў дамы тых людзей, якія выконваюць жудасныя загады”, - сказала суарганізатар мерапрыемства Вікторыя Гардзей.
Беларуска, якая пражывае на польскім узбярэжжы ўжо 11 гадоў, заявіла, што такая дэманстрацыя павінна падкрэсліць „важнасць асабістага выбару”.
„Паколькі на дадзены момант злачынцы - гэта не толькі людзі з АМАПа, гэта не толькі дыктатар Лукашэнка. Маўчанне таксама сёння з'яўляецца злачынствам. Так што, мы не будзем баяцца, не будзем маўчаць. Пакінем свае дамы, будзем творчымі, бо Беларусь - гэта мы”, - дадала Гардзей.
Слова ўзяла таксама намеснік мэра Гдыні Катажына Грушэцка-Спыхала. Яна падкрэсліла, што дэманстрацыя – гэта грамадская ініцыятыва.
„Можна сказаць, што жэсты – гэта недастаткова, што трэба рабіць нешта канкрэтнае, але мы ведаем, што зрабіць нешта канкрэтнае, знаходзячыся тут, у Польшчы, няпроста. Аднак мы можам праявіць салідарнасць. Салідарнасць - гэта пачуццё супольнасці, падобнае на братэрства. Мы адчуваем гэтае братэрства. І я спадзяюся, што такія жэсты, дапамогуць умацаваць гэтую неверагодную мужнасць, рашучасць і гераізм, якімі мы захапляемся на працягу многіх тыдняў у братоў-беларусаў. Жыве свабодная Беларусь”,- сказала віцэ-мэр гораду Гдыня.
Dziennik Gazeta Prawna нагадвае, што з 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, на якіх, паводле афіцыйных вынікаў, перамог Аляксандр Лукашэнка.
аз