Ніхто афіцыйна гэтага не сказаў, але менавіта з-за свайго бацькі Арндт Фрэйтаг фон Ларынгховен(Arndt Freytag von Loringhoven) месяцамі чакаў згоды польскага боку на выконванне дыпламатычнай місіі ў Польшчы, інфармуе Rzeczpospolita. У сваім першым інтэрв'ю нямецкі пасол - як адзначае газета - ставіцца да гэтага са зразуменнем.
„Я вельмі рады, што канчаткова я змог уручыць даверчыя граматы прэзідэнту Польшчы. (...) У Польшчы і Германіі шмат агульнага. Перад намі, як перад важнымі партнёрамі ў цэнтры Еўрапейскага Саюза, стаяць сур’ёзныя выклікі. Я стаўлюся да сваёй місіі тут з энтузіязмам і з нецярпеннем чакаю пачатку сумеснай працы”- сказаў новы амбасадар Германіі ў Польшчы.
Адказваючы на пытанне, ці ведае прычыны затрымкі выдачы згоды на місію ў Варшаве, фон Ларынгховен сказаў, што ніколі не атрымаў па гэтай справе канкрэтнага паяснення. Таму, як дадаў, можа спасылацца выключна на дыскусіі, якія адбыліся ў польскіх СМІ.
„Я разумею, наколькі жывая ў Польшчы памяць пра злачынствы, учыненыя нацысцкай Германіяй. Што тычыцца майго бацькі, я хацеў бы падкрэсліць, што ён уступіў у Рэйхсвер (узброеныя сілы Германіі – рэд.) таксама таму, каб яго больш не прымушалі ўступіць Нацыянал-сацыялістычную нямецкую рабочую партыю. Тады быў такі закон. У канцы вайны ён служыў ад'ютантам начальніка генеральнага штаба. У гэтай ролі ён быў таксама ў бункеры Гітлера”, - сказаў дыпламат.
Ён дадаў, што не можа ні апраўдаць, ні асудзіць паводзіны свайго бацькі.
„Хто ведае, як сам паводзіў бы сябе ва ўмовах таталітарнай дыктатуры? Гэта было пакаленне, выхаванае ў духу прускага мілітарызму, якое прызвычаілася абсалютна падпарадкоўвацца. Ён (бацька- рэд.) ніколі не падтрымліваў нацызм, але адначасова быў перакананы, што яго абавязак - змагацца за сваю краіну”, - дадаў амбасадар Германіі ў Польшчы ў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita.
аз